Толькі 1 (!) дэпутат устрымаўся, галасуючы за змены ў закон аб спецслужбах
Дэпутаты аднагалосна далі права спецслужбам карыстацца зброяй і ўрывацца ў прыватнае жыллё.
Як стала вядома Еўрарадыё, да пачатку дзеяння змененага закона аб спецслужбах застаўся адзін крок — подпіс кіраўніка краіны. Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, праект “Аб унясенні змен і дапаўненняў у Закон РБ “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ужо падтрымалі адразу ў двух чытаннях, яго паспелі зацвердзіць і сенатары Савета Рэспублікі.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, як праходзіла прыняцце закона ў Палаце прадстаўнікоў, ці галасаваў хто-небудзь супраць гэтага законапраекта. Але, як паведаміў начальнік Упраўлення інфармацыйна-аналітычнай працы Мікалай Ліс, дэпутаты прымалі папраўкі ў закон аб спецслужбах таемна. Нават ад сваёй прэс-службы!
Мікалай Ліс: “Не магу вам нічога сказаць, бо мы не мелі права доступу да гэтага законапраекту. Гэта было закрытае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў, і мы не маем права доступу да гэтых дакументаў”.
Па яго словах, нават пратакол пасяджэння, дзе ўказваецца, колькі чалавек прагаласавала “за”, колькі “супраць”, а колькі “ўстрымалася” супрацоўнікі прэс-службы ПП не могуць прагледзець.
Таямніцу галасавання “выдаў” намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях Уладзімір Маёраў. Па яго словах, адзін няўпэўнены ў правільнасці ўсіх прапанаваных законапраектам паправак і зменаў у закон сярод дэпутатаў быў. Але толькі падчас першага слухання.
Уладзімір Маёраў: “Пасля першага чытання адзін толькі ўстрымаўся. А астатнія галасавалі нармальна. У сэнсе — як сумленне дазваляла, так і галасавалі”.
Еўрарадыё пацікавілася ў народнага абранніка, ці не зашмат гэтыя змены ў закон даюць правоў супрацоўнікаў спецслужбаў.
Уладзімір Маёраў: “Тое, што прынята — прынята правільна. І паўнамоцтваў не занадта, акурат столькі, колькі трэба. У гэтых органаў, гэта іх хлеб і таму неабходна ім даць паўнамоцтваў паболей, дакладней — неабходныя, і гэта было зроблена”.
З гэтым нязгодны праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Да прыкладу, па яго словах, шмат пытанняў выклікае артыкул 16.3 “Прымяненне і выкарыстанне зброі”. У папярэднім законе таксама выкарыстоўваць зброю супрацоўнікам спецслужб дазвалялася. Але ў строга абмежаваным выпадках.
Валянцін Стэфановіч: “Зараз яны больш шырока могуць прымяняць зброю з тым, каб толькі потым паведамляць пра гэта пракурору. І вельмі шырокія паўнамоцтвы па выкарыстанні фізічнай сілы. У гэтых артыкулах апісваецца, у якіх выпадках можа гэта прымяняцца, і дадаецца — “у іншых выпадках”. І вось гэтыя “іншыя выпадкі”, калі так у законе напісана, гэта заўсёды вельмі турбуе. Бо, фактычна, гэта можа прывесці да выкарыстання катаванняў”.
Насцярожвае праваабаронцу і права спецслужбаў на пранікненне ў прыватнае жыллё.
Валянцін Стэфановіч: “Раней казалася, што для пераследу асобаў, якія здзейснілі злачынствы альбо падазраюцца ў іх здзяйсненні, альбо – калі ёсць дастаткова падставаў меркаваць, што дзесьці здзейснена злачынства, то ў такім разе яны маюць права пранікаць у жылыя памяшканні. У тым ліку прыватныя. З адкрыццём замкоў і наступным паведамленнем пракурору цягам 24 гадзін. У гэтай частцы зараз значна пашыраныя іх функцыі і пра паведамленне пракуратуры нешта там нічога няма”.
На думку Стэфановіча, гэты праект закона стаў вынікам супрацьстаяння КДБ і пракуратуры, імкнення спецслужбаў да большай самастойнасці. А на фоне стварэння Следчага камітэта, які возьме на сябе ўсе функцыі крымінальнага пераследу, задачы КДБ вельмі звужаюцца.
Валянцін Стэфановіч: “Атрымліваецца, што Камітэт дзяржбяспекі не будзе больш займацца крымінальным пераследам па іншых катэгорыях спраў, накшталт змагання з наркатрафікам і гэтак далей, а будзе займацца выключна тым, чым яны займаліся ў часы Савецкага Саюза — палітычны вышук”.
Дэпутат Маёраў упэўнены, што гэтыя абвінавачанні не маюць пад сабой ніякіх падставаў. А ў прэс-службе Камітэта дзяржбяспекі адмовіліся ад любых каментарыяў на тэму падтрыманых дэпутатамі і сенатарамі зменаў у законе аб іх дзейнасці: “Пакуль — без каментарыяў”.