Трэнерам жаночай зборнай па баскетболе стане замежнік
Яго прозвішча пакуль трымаюць у таямніцы.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня трэнерскага савету Беларускай федэрацыі баскетбола Руслан Байдакоў:
“Цяпер ідуць канкрэтныя перамовы з асобна ўзятай асобай. Засталося расставіць па месцах усе штрыхі, і ўжо будзе, напэўна, вызначаны трэнер. Галоўным трэнерам будзе дакладна не беларус. Нашая зборная — гэта не кавалак нейкага смецця. Гэта элітная зборная, якой павінен кіраваць сапраўды годны чалавек, таму трэба, каб нашы магчымасці супадалі з запатрабаваннямі гэтых годных людзей. А ў наш час гэта даволі няпроста”.
Па словах Байдакова, прозвішча будучага трэнера жаночай зборнай мы можам даведацца ўжо заўтра, пасля паседжання федэрацыі. Калі не, то ў любым разе яно стане вядома не пазней за пачатак лютага.
Нагадаю, у канцы мінулага года Анатоль Буяльскі, які займаў пасаду галоўнага трэнера жаночай зборнай, абвясціў, што не мае намеру працягваць кантракт з Беларускай федэрацыяй баскетбола. Пад кіраўніцтвам Буяльскага жаночая зборная Беларусі стала бронзавым прызёрам чэмпіяната Еўропы 2007 года, заняла 6-е месца на Алімпіядзе ў Пекіне, а ў 2010 годзе ўвайшла ў чацвёрку лепшых камандаў свету.
Фота — telegraf.by