Беларускі студэнт, выключаны па палітычных матывах, аднавіўся праз суд

Былы студэнт з’яўляўся актывістам прафсаюзнай групы “Студэнцкая Рада”, якая была створана ў 2008 годзе. Алеся адлічылі з вучобы 16 лютага сёлета. 

Еўрарадыё:Раскажы, калі ласка, за што цябе выключылі?

Крот: “15 лютага ў мяне адбылася размова з дэканам, падчас якой ён спрабаваў высветліць, чым я займаюся. Асабліва моцна яго цікавіла мая грамадская дзейнасць. Ён таксама распытваў мяне пра пратэстныя акцыі 19 снежня. А яшчэ раней КДБ зладзіла ў мяне ператрус. Я ўпэўнены, што гэтыя дзве падзеі - размова з дэканам і ператрус - звязаныя паміж сабой”.

Еўрарадыё: Дэкан спрабаваў цябе запалохаць?

Крот: “Ён сказаў, што ўся праблема ў маёй грамадскай дзейнасці. Потым нагадаў пра тое, што ў мяне яшчэ адзін залік не здадзены і сказаў, што, хутчэй за ўсё, мяне выключаць”.

Еўрарадыё: А дзе ты вучышся?

Крот: “Я навучаюся на будаўнічым факультэце БНТУ. Пасля адлічэння я вырашыў прайсці ўсе інстанцыі: хадзіў да намесніка дэкана, да дэкана, да прарэктара, падаваў скаргу ў міністэрства адукацыі, а калі гэта не дапамагло, звярнуўся ў суд Савецкага раёну”.

Еўрарадыё: Як праходзіў суд? Хто прадстаўляў універсітэт?

Крот: “Універсітэт прадстаўляла два чалавекі: намеснік дэкана майго факультэта і юрысконсульт БНТУ. Суддзя паводзіла сябе крыху нервова. Асабліва пасля таго, як намеснік дэкана пачаў распавядаць, што я “падняў на вушы” расійскія праваабарончыя арганізацыі, што яны слалі на факультэт лісты з нейкіх незразумелых паштовых скрыняў. У мяне не было ніякага спадзявання на станоўчае рашэнне гэтай справы. І я здзіўлены, што суд выйграны. Гэта падцвярджае, што трэба спрабаваць падаваць скаргі, апеляцыі, абараняць свае правы, а не складаць рукі і з’язжаць давучвацца за мяжу”.

Еўрарадыё: Як ты думаеш, пасля аднаўлення ва ўніверсітэце ў цябе не будзе праблемаў?

Крот: “Несумненна будуць, але так ці інакш я буду працягваць сваю дзейнасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі