У апошнюю сесію дэпутаты зоймуцца півам

120228 Nasta Kamissii.mp3

Праз месяц дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў збяруцца на апошнюю сваю сесію. Еўрарадыё даведалася, якія праекты законаў яны разгледзяць.


Паводле слоў прадстаўніцы ўпраўлення інфармацыйна-аналітычнай працы парламента Ірыны Ксавец, “сесія будзе досыць напружанай”: 60 законапраектаў, у тым ліку 13 новых — у першым чытанні.


У першым чытанні разгледзяць праект закона “Аб дзяржаўным індыкатыўным планаванні сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь”, “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх аналагах”, “Аб камерцыйнай таямніцы”…


Праект Закона аб індыкатыўным планаванні гучыць нязвыкла. Але, напрыклад, там ёсць прапанова ўвесці персанальную адказнасць за невыкананне прагнозаў развіцця для рэгіёнаў. Згодна са словамі старшыні камісіі па бюджэце Аляксандра Антаненкі, дадаецца больш канкрэтыкі:


“Раней быў Закон аб распрацоўцы планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Цяпер уносяцца вельмі істотныя змены. Натуральна, што там няма ніякай ні адміністратыўнай, ні крымінальнай адказнасці. Але ўводзіцца паняцце персанальнай адказнасці за распрацоўку такіх дакументаў. Больш дадаецца канкрэтыкі — хто адказны за распрацоўку, за кантроль”.


Камісія па жыллёвай палітыцы збіраецца абмежаваць рэкламу піва! Але старшыня гэтай камісіі Галіна Палянская прызнае, што такое рашэнне можа быць шкодным для эканомікі краіны?


“Калі можна рэкламаваць? Пасля 20.00, як цяпер, або пасля 22? Дэпутаты настойваюць, што пазней, улічваючы, што гэты напой самы запатрабаваны сярод моладзі… Але ў нас у краіне цяпер ёсць эканамічныя праблемы. І тэлерадыёкампаніі баяцца, што такое скарачэнне можа пацягнуць за сабой змяншэнне прыбыткаў. А яны ж трымаюцца ў прынцыпе за кошт рэкламы…”


Кампанія “Брэсцкае піва” апошнім часам рэкламу на тэлебачанні ўвогуле не змяшчае. Кажуць, што для іх гэта дорага. Спецыяліст аддзела рэкламы “Брэсцкага піва” лічыць, што такі закон ніяк не паўплывае на продаж пеннага напою ў прынцыпе! Хто купляў, той працягне купляць і далей. Хіба што будуць перамяшчэнні сярод саміх марак.


"Брэсцкае піва": “Восьмая гадзіна — гэта прайм-тайм, калі патэнцыйныя пакупнікі глядзяць навіны і г.д. Але, тым не менш, я сумняюся, што гэта значна скароціць продаж піва як такога. Магчыма, паўплывае на змяшчэнне канкрэтных гандлёвых марак. Калі, напрыклад, яны а восьмай гадзіне рэкламавалі, чалавек паглядзеў, а пасля зайшоў у краму і купіў, то цяпер гэты чалавек можа гэтага не пабачыць, пойдзе ў краму і купіць зусім іншае піва. Толькі ў гэтым плане, але на аб’ёмы не паўплывае”.


Па гэтым пытанні кансэнсусу ў парламенце няма. Дэпутаты баяцца, што “паабяцаюць і зноў нічога не зробяць”!


Галіна Палянская: “Галавой разумеем, што можа быць і не час, але ўлічваючы, што гэты законапраект мы прымалі ў 2007 годзе, і тады гэтыя пытанні падымалі дэпутаты, але крокаў наперад за гэты час не было. Таму дэпутаты баяцца, што паабяцаюць і зноў нічога не зробяць…”.

 

Дэпутаты разгледзяць на вясновай сесіі новую рэдакцыю Закона пра гандль, праект Закона аб энергазберажэнні, унясуць змены ў законы аб развіцці канкурэнцыі, аб натуральных манаполіях ды інш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі