У фінал Emergenza Belarus выйшлі 10 гуртоў

27 сакавіка ў Rocker Bar прайшоў апошні, чацвёрты паўфінал Emergenza Belarus. За выхад у фінал змагаліся North Aurora, Mіndalevidnoe Telo, My Reality ды Nizkiz. У якасці спецыяльнага госця адыграў удзельнік Emergenza SPb гурт “Йемен”.

На фоне магілёўскіх музыкаў Nizkiz астатнія канкурсанты выглядалі сыра і нязладжана, але на паўфіналах фэсту лёс гуртоў вырашаюць наведвальнікі. Пасля глядацкага галасавання перамог гурт Mіndalevidnoe Telo, творчасць якога багата прасякнутая нецэнзурнай лексікай недарэчы. Хлопцы выступалі другімі, пасля чаго памяшканне клуба апусцела дзесьці на палову. Другое месца нечакана падзялілі Nizkiz ды вельмі цікавы малады гурт My Reality, музыкам якога ў сярэднім па 20 гадоў.

У выніку ў фінале Emergenza Belarus, які запланаваны на травень, будзе 10 гуртоў: Ushuaia, “Красные звезды”, “Кашлаты Вох”, “Йо-Йо”, “Девятый миллиметр”, Tim Erna, Inside Us, Mіndalevidnoe Telo, Nizkiz ды My Reality. У адрозненне ад адборачных канцэртаў, у фінале  фестывалю пераможцу будзе выбіраць яшчэ і журы, склад якога зараз удакладняецца.

Нагадаем, гурт-пераможца Emergenza Belarus аўтаматычна трапляе ў фінал фэсту ў Расіі, дзе пазмагаецца за права выступіць на міжнародным конкурсе падчас Taubertal Festival у Германіі.

Найбольшых поспехаў за тры гады прысутнасці Emergenza ў Беларусі дасягнуў мінскі гурт No Comment Band. На міжнародным фінале хлопцы занялі 10-е месца з 24-х, а іх басіст Алег "Лімон" Конанаў быў названы другім сярод удзельнікаў конкурсу.

Фота гурта Nizkiz з bocomaru.livejournal.co

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі