У Гомелі прайшоў турнір па футболе сярод футбольных фанатаў (фота)
Арганізатарам турніра выступіў фан-рух Ф.К. “Гомель” — “Green-White Front”.
Удзел у футбольным турніры пад назвай “GWF-23”, які прысвечаны даце стварэння фан-руха “Гомеля” (ён пачынае сваё існаванне з 1989 года, таму лічба ў назове турніра сведчыць пра яго ўзрост), прынялі чатырнадццаць каманд. Пераважна гэта былі фанаты з Гомеля, Магілёва і Рэчыцы. Аднак у абласны цэнтр завіталі і ультрас маскоўскага “ЦСКА”, што надало турніру міжнародны статус. Таксама былі запрошаны і прадстаўнікі фан-руху ўкраінскага “Дніпра” з Дняпрапятроўску, але ў сувязі з чэмпіянатам Еўропы па футболе хлопцы не змаглі завітаць у Беларусь.
Фанаты, які былі часова вольныя ад гульняў, падтрымлівалі сваю форму разам з юнымі футбалістамі-гамяльчанамі.
Што ж тычыцца ўласна турніра, то ўсе каманды-удзельнікі былі падзеленыя на дзве групы і праводзілі матчы па 8 хвілінаў на дзвюх розных пляцоўках. Пасля чаго дзве каманды, якія набралі больш за ўсё ачкоў у кожнай групе, сустрэліся ў паўфіналах, а пасля ў фінале. Такім чынам пераможцам “GWF-турніра” гэтага года стала футбольная каманда “RBFans” ад прадстаўнікоў фан-руху маскоўскага “ЦСКА”, другое і трэццяе месца занялі гомельскія ультрас — каманда “Ветэранаў GWF” і “8 crew” адпаведна.