У касе Нацбанка раскупілі кілаграмовыя зліткі золата і манеты (фота)

Сёння зранку каля Галоўнага ўпраўлення Нацбанка па Мінску і Мінскай вобласці (Талстога, 6) ўтварылася чарга. Гэтым разам людзі стаялі па зліткі і манеты. Хутка чарга “рассмакталася”, а ў спісе зліткаў і манет, што вісеў каля касы, з’явіліся закрэсленыя радкі.


У продажы ўжо не было залатых і срэбных манет “Славянка”, срэбнай “Іконы Прасвятой Багародзіцы”, залатых зліткаў па 100, 500 грамаў… Размялі нават кілаграмовыя залатыя зліткі, кожны з якіх каштуе больш за 51 тысячу долараў!

Паводле касіркі, апошнім часам жадаючых купіць кілаграм золата было вельмі шмат:


“Усё распрадалі, а падмацавання пакуль няма”, — распавяла яна.

Самых вялікіх зліткаў са срэбра ў продажы таксама не было — ні па 250 грамаў, ні па 500, ні па 1000.

Людзі працягвалі прыходзіць. Некаторыя спадзяваліся купіць валюту, але ні долараў, ні еўра ў касе Нацбанка няма.


— Скажыце, а ці ёсць якая валюта?
— Няма валюты. Ёсць памятныя манеты і мерныя зліткі…


Але ўжо а першай дня са зліткаў па 50 грамаў золата застаўся толькі адзін кавалак:


Еўрарадыё: Зліткаў па 100 грамаў у вас ужо няма?
Нацбанк: Па 100 грамаў няма…
Еўрарадыё:  А па 50?
Нацбанк:  Калі мужчына, які стаяў перад вамі, купіць тры, то ў мяне адзін застаецца.


Тым часам у прэс-службе Нацбанка нас запэўнілі, што зліткі ўслед за доларамі нікуды не знікнуць:


“Не хвалюйцеся, золата вам ужо дакладна хопіць. У нас яго больш за 30 тон, — супакоіў Анатоль Драздоў. — Мерныя зліткі ў нас у продажы ёсць пастаянна. Магло не быць срэбных зліткаў або плацінавых, але золата было заўсёды. Як правіла ў нас ёсць усе наміналы. Золата ў нас купляюць пастаянна. Продаж яго расце з пачатку года. Гэта не дзіўна, бо цана ва ўсім свеце расце…”


Дададзім, што 100 грамаў золата ў Нацбанку каштуе 15 з паловай мільёнаў рублёў, а 100 грам срэбра — паўмільёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі