У лісце Саннікава толькі парады па даглядзе хатніх кветак
Пасля пэўнага перапынку Ірына Халіп, жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, нарэшце атрымала ад яго ліст.
Ліст вялікі, ажно на дзве старонкі, дзеліцца з Еўрарадыё Ірына. Але ў ім няма ні слова ні пра самаго Саннікава, пра яго самаадчуванне, ні пытанняў пра сям’ю — сына, жонку, бацькоў.
Ірына Халіп: “Гэта не ліст, гэта кароткая рэкамендацыя — як паліваць кветкі. На дзве старонкі. У нас некалькі кветак у гаршчках і вось я атрымала рэкамендацыі — як, што і калі паліваць. Ні слова пра сябе. Я думаю, што яму дакладна патлумачылі, што калі ён будзе пісаць хоць што-небудзь пра сябе, пра тое, што адбываецца з ім, то ніколі адтуль не выйдзе”.
Ірына адзначае, што ліст дакладна напісаў Саннікаў — яго почырк лёгка пазнаецца. І яна робіць з гэтага ліста выснову, што, прынамсі, яе муж жывы. Ліст быў напісаны і адпраўлены 3 студзеня, але прыйшоў на адрас Ірыны толькі 11 студзеня.
Па словах жонкі зняволенага палітыка, 12 студзеня адвакатка Саннікава паездзе ў калонію “Віцьба-3” і будзе дамагацца сустрэчы са сваім падабаронным. Будзе ізноў спрабаваць атрымаць дазвол на сустрэчу з мужам і Ірына.
Фота — bymedia.net