У Маскве прайшлі перадвыбарчыя вулічныя акцыі (фота)
Агульная колькасць удзельнікаў мітынгаў і шэсцяў перавысіла 160 тысяч чалавек.
А 14.00 паводле маскоўскага часу на Балотнай плошчы пачаўся мітынг “За сумленныя выбары”. Па ацэнках паліцыі, у апазіцыйным шэсці, якое папярэднічала мітынгу, прыняло ўдзел каля 23 тысяч чалавек, інфармуе "Эхо Москвы". У натоўпе скандавалі лозунгі супраць улады і спявалі песню Віктара Цоя “Перамен”. Колькасць удзельнікаў самога мітынгу склала каля 34 тысяч чалавек, паведамляе РИА Новости.
На мітынгу выступалі вядомыя палітыкі, журналісты, дзеячы культуры. Удзельнікі скандаволі лозунгі "Пуціна ў адстаўку!" і "Палітвязням свабоду!" Гучалі заклікі арганізаваць кантроль за галасаваннем на выбарах прэзідэнта Расіі 4 сакавіка і "адлаўліваць прайдзісветаў", якія захочуць фальсіфікаваць вынікі.
Удзельнікаў таксама заклікалі падпісаць рэзалюцыю ў падтрымку апазіцыйнага кандыдата Рыгора Яўлінскага, якому расійскі ЦВК адмовіў у рэгістрацыі. Сам палітык у сваім выступе адзначыў, што "4 сакавіка для нас усё толькі пачынаецца", перадае ВВС.
Каля 15.00 паводле маскоўскага часу мітынг скончыўся.
Паралельна на Паклоннай гары прайшоў мітынг у падтрымку Уладзіміра Пуціна, дзеючага кіраўніка ўрада і прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду на выбарах 4 сакавіка. Паліцыя мае намер аштрафаваць арганізатараў мітынгу на Паклоннай гары за перавышэнне пазначанай у заяўцы колькасці ўдзельнікаў — яны анансавалі 15 тысяч чалавек, а прыйшло, паводле звестак МУС, 125-128 тысяч.
Фота: twitter, ridus.ru