У Мінску адкрываецца дабрачынная крама
Першы беларускі charity shop пачне працу 5 красавіка.
5 красавіка ў цэнтры Мінска адкрыецца першая дабрачынная крама “KaliLaska”. Яна будзе працаваць паводле прынцыпу сусветна вядомых charity shop:
“Рэчы, якія самім ужо непатрэбныя, але і выкідаць шкада, можна прынесці ў гэтую краму, — тлумачыць прадстаўніца “KaliLaska" Вольга Качура. — Валанцёры крамы гэтыя рэчы адсартуюць і частку адразу дашлюць розным дабрачынным і сацыяльным фондам, што існуюць у Беларусі. А тыя рэчы, што яшчэ могуць быць прададзеная, будуць выстаўляцца на прылавак”.
Ужо зараз асартымент тавараў крамы неверагодна разнастайны: ад вопраткі да прадметаў інтэр’еру. На старонках “KaliLaska” ў сацыяльных сетках хутка з’явіцца спіс буйнагабарытных рэчаў, якія не ўваходзяць у памяшканне крамы, але таксама прадаюцца.
Частка прыбытку charity shop пакрывае арэнду, а ў будучыні, магчыма, і заробак прадаўца. Астатнія грошы перадаюцца дабрачынным арганізацыям ды фондам.
Усім наведвальнікам адкрыцця “KaliLaska”, якое адбудзецца 5 красавіка ў 19:00, арганізатары абяцаюць “самавар гарбаты, захапляльны квэст па дарозе і канцэрт гурта “Мамкины бусы”. Замест квітка прапануецца прынесці ў краму якую-небудзь рэч і падрыхтавацца да таго, што нешта ўнясеце з сабой.
“KaliLaska” размесціцца ў сталічнай крэатыўнай прасторы me100, што знаходзіцца адразу за ЦУМам па адрасе Незалежнасці, 58, корпус 6.