У першым туры адбору на “Соседний мир” перамаглі рамантыкі “НаОдинДень!”
Скаральнікі дзявочых сэрцаў адарваліся ўсяго на адзін бал, таму арганізатары вырашылі даць пераможаным гуртам другі шанец.
23 красаваіка ў клубе “Графіці” прайшоў першы паўфінал адбору беларускіх музыкаў на ўкраінскі фестываль “Соседний мир”. За выхад у фінал змагалася тры маладыя гурты: ForAboutFrom, “НаОдинДень!” ды Devil Dandies.
Гледачы і журы вызначалі пераможцу разам. Кожны “звычайны” наведвальнік канцэрта меў адзін голас, кожны сябра журы ― пяць. У выніку перамог рамантычны гурт “НаОдинДень!” — хлопцы здолелі заваяваць увагу большасці прысутных дзяўчат. Усяго адзін бал саступіў ім жвавы катры-рок-н-рол ад Devil Dandies. Апошняе месца, таксама з адрывам ў адзін голас, дасталася беларускаму варыянту Noize MC, гурту ForAboutFrom.
Арганізатары адбору вырашылі, што несправядліва караць пераможаныя гурты за такое мінімальнае адставанне. Яны працягнуць удзел у адборы, але якім чынам — пакуль не вырашана.
Наступныя туры адбору таксама пройдуць у “Графіці”. 29 красавіка за выхад у фінал пазмагаюцца Nizkiz, The Paradise Avenue і гурт Glory. Падрабязнасці шукайце ў сацыяльных сетках мерапрыемства ці на сайце арганізатараў.
Сёлета “Соседний мир” пройдзе ў крымскім горадзе Керч 26-28 ліпеня. Летась нашы гурты добра запомніліся гледачам дзякуючы “Беларускай ночы”, якая стала сапраўды гучным закрыццём оўпэн-эйра.
Devil Dandies
ForAboutFrom
НаОдинДень!