У эканамічных прагнозах памылкі не матэматычныя, а лагічныя
Еўрарадыё разабралася ў дзіўных прагнозах Мінэканомікі. Чаму рост рэальнага заробку не адпавядае меркаванай інфляцыі?
Міністэрства эканомікі апублікавала прагнозы развіцця на 2012 год. У некаторых з іх, на першы погляд, — матэматычныя памылкі.
Так, запланаваны сярэдні намінальны заробак па краіне да канца года складзе больш за 4 мільёны рублёў (гэта на 65% больш за снежань 2011 года). Пры гэтым рост рэальнага заробку чакаецца на ўзроўні 4% да канца года. Адначасова індэкс спажывецкіх цэнаў складзе 119-122%.
Індэкс рэальнага заробку — гэта індэкс намінальнага заробку, падзелены на індэкс спажывецкіх цэнаў (Н:Ц=Р) І вось тут, пры першым разглядзе, лічбы ніяк не сыходзяцца!
Пры індэксе намінальнага сярэднемесячнага заробку 165% і індэксе спажывецкіх цэнаў 122%, атрымліваем індэкс рэальнага заробку 135,2%. А не запланаваныя 104%!
“Там насамрэч ніякай супярэчнасці няма”, — нечакана кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб. Рэч у тым, што індэкс намінальнага заробку лічаць за перыяд, а не да канца года.
Вадзім Іосуб: “Трэба лічыць не канец гэтага года да канца мінулага года, а сярэдні ў гэтым годзе да сярэдняга ў мінулым годзе. Насамрэч, у такім выпадку ўсе лічбы “скачуць” — рост намінальнага заробку, рост рэальнага заробку на 5%, і меркаванай інфляцыі…”.
Еўрарадыё ўзгадала, якія яшчэ “памылкі” былі ў статыстыцы “па-беларуску”.
“Памылкі былі праграмныя, а не матэматычныя, — працягвае Вадзім Іосуб. — Ёсць некалькі прагнозаў на гэты год. І яны паміж сабой не вяжуцца. Давядзецца выбіраць або адно, або іншае. У прыватнасці — выконваць або прагноз па інфляцыі, або прагноз па росце ВУП на 5,5%. Але гэта не матэматычная памылка, а лагічная або эканамічная — або адно, або іншае. А нейкіх матэматычных памылак апошнім часам я за ўладамі не назіраў”.
Ёсць два прагнозы на гэты год — па інфляцыі і росце ВУП. А выбіраць давядзецца адзін. Бо разам іх выканаць немагчыма.
Падобная дзіўная логіка ў падліках сустракаецца не першы раз.
Прэм’ер Мясніковіч кажа, што ўпершыню ў Беларусь у 2011 годзе прыйшло на 1,5 мільярды долараў больш, чым мы аддалі за мяжу. І гэта пры адмоўным гандлёвым сальда! Паводле Белстату, рэальныя заробкі ўвесь час растуць, хаця і падаюць… А кароў у краіне стала болей, хаця прэм’ер кажа, што за год Беларусь згубіла 381 тысячу кароў.
Як бачым, дзівосы беларускай статыстыкі закранаюць нават жывёлаў.
Эканаміст Вадзім Іосуб кажа, што вінаваціць Міністэрства эканомікі ў гэтай блытаніне нельга. Бо гэтае ведамства “нічога не хавае”.
Вадзім Іосуб: “У прынцыпе гэта правільна. Яны прама кажуць, што гэта сярэдні заробак. А калі хтосьці гэта няправільна разумее, то Мінэканомікі, напэўна, у гэтым не вінаватае. Яны ў гэтым плане кажуць усё карэктна, проста шмат хто гэтага не разумее”.
Эканаміст Леанід Злотнікаў згодны, што памылак у падліках няма. Але падлічыць можна па-рознаму: напрыклад, параўнаць заробкі за перыяд. Але ж людзі жывуць не гэтым параўнаннем…
Леанід Злотнікаў: “ Для іх важная дынаміка. Людзі думаюць так: было шмат, а цяпер менш, і я менш магу купіць... Яны месяц да месяца лічаць, а не за перыяды”.
У Белстаце ж кажуць, што лічаць двума спосабамі. І запэўніваюць, што кожны з паказчыкаў “мае права на жыццё”.