Ultra-music: Будзем намагацца, каб у наступным годзе быў замежны хэдлайнер
Рэдактар парталу распавёў пра “накруткі” падчас галасавання, чаму спыніліся штомесячныя канцэрты, а таксама, якой будзе цырымонія Ultra-music у наступным годзе.
Сённяшняй нагодай для размовы стала ўзнагарода Ultra-music Awards-2011. На жаль, Слава Радзівонаў, галоўны рэдактар парталу ultra-music.com захварэў і не здолеў прыйсці на інтэрв’ю, але да нас завітаў яшчэ адзін рэдактар Аляксандр Чарнуха.
Еўрарадыё: Давай, напэўна, пачнём з сённяшняй узнагароды. Пераможцаў у вас абіраюць наведвальнікі парталу. А скажы шчыра, які адсотак намінантаў перамагае дзякуючы “накрутцы”?
Аляксандр Чарнуха: Ну, пра гэта можна разважаць колькі заўгодна, але мы не можам дакладна гэтага ведаць. Усе “накруткі”, якія мы адсочваем, здымаюцца. А ўсё астатняе залежыць ужо ад гуртоў, якія просяць сваіх сяброў за іх прагаласаваць. А далей ужо залежыць ад актыўнасці прыхільнікаў гурта…
Еўрарадыё: То бок можна сказаць, што гэта ўсё ж дастаткова справядлівы адбор атрымліваецца?
Аляксандр Чарнуха: Так!
Еўрарадыё: Колькі чалавек прагаласавала ў гэтым годзе?
Аляксандр Чарнуха: Было некалькі тысяч галасоў, але галасаваць можна было кожны дзень. За пераможцу аддалі больш за тысячу галасоў.
Еўрарадыё: У вас ёсць два ўлюбёныя гурты IQ48 ды Monkey Bite, якія найбольш актыўна прысутнічаюць у матэрыялах, на імпрэзах Ultra-music… Не кожны год яны перамагаюць у вашых узнагародах, але гэтым разам яны ўсё роўна прысутнічаюць сярод выступоўцаў. Дык адкуль такая любоў?
Аляксандр Чарнуха: Калі сачыць за нашымі матэрыяламі, то матэрыялаў ды інтэрв’ю з IQ48 у нас было не так ужо і шмат. Нават рэцэнзіі на іх апошні вельмі ўдалы альбом (HMR – заўв. Еўрарадыё) у нас не было. Я б не сказаў, што гэта нашы фаварыты, але гэта два даволі моцныя гурты, якія мы вырашылі запрасіць на прэмію. Тая ж “Петля пристрастия” ў нас таксама вельмі часта з’яўляецца ў матэрыялах. Проста ўсе нашы матэрыялы намі адсочваюцца і мы робім пэўныя высновы. Усе матэрыялы пра IQ48 заўсёды карыстаюцца вялікай увагай з боку нашых чытачоў, таму, чаму б і не.
Еўрарадыё: Ну, добра. Вернемся да ўзнагароды. Гэтым разам у намінацыі кліп году перамог гурт Litesound (відэа на песню See You In Vegas – заўв. Еўрарадыё), які праз пэўныя праблемы ўсё ж будзе прадстаўляць Беларусь на сёлятнім Еўрабачанні-2012. Ці будуць яны прысутнічаць?
Аляксандр Чарнуха: Так! Музыкі з Litesound будуць прысутнічаць, мы ім у рукі аддадзім статуэтку. Праўда, выступаць яны не будуць. Але на экране ў клубе Re:Public яшчэ раз будзе паказаны іх кліп. Таму гледачы яшчэ раз змогуць яго ацаніць.
120307 Inter 2.mp3
Еўрарадыё: Больш падрабязна пра тое, што будзе на ўзнагародзе, пагаворым крыху пазней. Кожны раз вы ўшаноўваеце якіх-небудзь замежных зорак, напрыклад, сёлета гэта Red Hot Chili Peppers ды Adele, якіх абралі вашы чытачы. Ад замежнікаў планаваўся відэазварот да наведвальнікаў цырымоніі, ці будзе ён?
Аляксандр Чарнуха: Са зваротам усё вельмі складана. Мы шмат тэлефанавалі ў Нью-Ёрк, у Лондан каб звязацца непасрэдна з музыкамі ды іх мэнаджарамі. Але мэнаджар Red Hot Chili Peppers даў нам адказ, што зараз гурт знаходзіцца на адпачынку і яны не змогуць нічога запісаць. З Adele сітуацыя зараз вельмі неадназначная, таму што мы чакаем адказу. Надзея памірае апошняй!
Еўрарадыё: Зразумела! Кожны раз вы дасылаеце ўзнагароды замежным пераможцам, а яны вам што-небудзь адказваюць?
Аляксандр Чарнуха: Кожны раз прыходзяць адказы, што вельмі прыемна атрымліваць узнагароды менавіта з Беларусі, бо для сусветна вядомых музыкаў наша краіна на музычнай мапе, так бы мовіць, белая пляма. Зразумела, прыходзяць сціплыя адказы, але ўсё ж прыходзяць.
Еўрарадыё: ну, і ў працяг: калі чакаць сусветна вядомых зорак на Ultra-music Awards? Тым больш, што з кожным годам вы расцёце, і сёлета ўжо дабраліся да вялікага клуба Re:Public.
Аляксандр Чарнуха: Абяцаць нешта складана, але мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб ужо ў наступным годзе ў нас быў замежны хэдлайнер. Падрыхтоўка да наступнай цырымоніі пачнецца ўжо мабыць праз месяц. Мы будзем весці перамовы і зробім усё для гэтага магчымае.
Еўрарадыё: Такая падрыхтоўка нагадвае арганізацыю буйных фестываляў. Там звычайна фэст скончыўся, тыдзень на адпачынак і рыхтуемся да наступнага. Ці ёсць у думках, зрабіць гэта ў выглядзе вялікага фестывалю, можа, нават на некалькі дзён?
Аляксандр Чарнуха: Многія людзі планавалі зладзіць шматдзённы фестываль у Беларусі, але ў іх не атрымлівалася… У гэтым шмат складанасцяў, і кожны гэта разумее. Але будзем глядзець, як будзе атрымлівацца. Будзем проста аналізаваць і думаць, як, у якім фармаце рабіць наступную цырымонію.
Еўрарадыё: То бок пэўных крокаў да гэтага вы не робіце?
Аляксандр Чарнуха: Пакуль не. Пакуль усё толькі ў нашых галовах.
120307 Inter 3.mp3
Еўрарадыё: Ну, а зараз давай зробім рэкламку ўзнагароды! Чаго чакаць, дзе ды калі?
Аляксандр Чарнуха: 11 сакавіка ў клубе Re:Public адбудзецца чарговая цырымонія Ultra-music Awards-2011, у якой возьмуць удзел шэсць гуртоў: Monkey Bite, The Stampletons, "Петля Пристрастия", "Троіца", Pomidor/Off ды IQ48. Усё гэта будзе цягнуцца пяць гадзін. Варта адзначыць, што пачнецца цырымонія ў 18:00! Просім не спазняцца, бо замінкі не будзе, як звычайна на канцэртах.
Еўрарадыё: Раней казалі, што будзе шмат цікавостак апроч відэазваротаў Red Hot Chili Peppers ды Adele, дык адкройце якую-небудзь яшчэ для “затравачкі”.
Аляксандр Чарнуха: Цікавосткі, насамрэч, будуць, але не думаю, што зараз трэба пра іх казаць, бо ў гэтым выпадку яны ўжо не будуць сюрпрызам.
Еўрарадыё: Раней Ultra-music ладзілі штомесячныя канцэрты па выніках галасавання, чаму гэтага больш не робіцца?
Аляксандр Чарнуха: Для нашых чытачоў галасаванне – гэта сродак, аддаць свой голас за гурт, дзе граюць сябры. Так з большага. А малавядомыя гурты не збіраюць дастаткова людзей у клубах. Цалкам магчыма, што мы адновім гэтыя штомесячныя канцэрты, але не зараз. Зараз усе намаганні мы прыкладаем да цырымоніі. Магчыма, праз пару месяцаў, ці паўгода.
Еўрарадыё: І зноў жа, былі калісьці планы, выдаваць такія выніковыя дыскі-складанкі…
Аляксандр Чарнуха: Кожны з нас ведае, што дыскі – гэта ўжо мінулае стагоддзе! Зараз большасць гуртоў нічога не выдае на пласцінках, а выкідае ўсё ў Інтэрнэт. Таму мы не бачым у гэтым сэнсу. Хіба толькі, як нейкі татэм для прыхільнікаў беларускай музыкі.
Еўрарадыё: Ну а той жа “Тузін гітоў” выдае дыскі і трапляе ў хіты продажаў!
Аляксандр Чарнуха: Але, скажам шчыра, што продаж беларускіх дыскаў не такі ўжо і буйны. Ды і ўвогуле, любых дыскаў.
Еўрарадыё: Ну, а чаму не зробіце інтэрнэт-рэліз, калі ўжо так супраць дыскаў?
Аляксандр Чарнуха: Інтэрнэт-рэлізы, магчыма, будзем рабіць! Дзякуй за ідэю!
Еўрарадыё: Пяць баксаў і разыходзімся па сваіх справах!) У вас зараз з’явілася шмат цікавых рубрык на партале, з пункту гледжання ідэі нават. Чаго чакаць яшчэ ў бліжэйшы час?
120307 Inter 4.mp3
Аляксандр Чарнуха: Ёсць у планах некалькі новых цікавых рубрык. Да прыкладу, мы захацелі нагадаць пра тых музыкаў, якія раней былі вядомыя, але потым некуды зніклі. Будзе рубрыка пад назвай “Кунсткамера” пра нейкія нестандартныя, цікавыя гурты, пра нейкія рэчы, якія ў нас могуць выклікаць здзіўленне, а іх, насамрэч, у нас вельмі шмат, і не толькі ў нас.
Еўрарадыё: Ну, і каб зноў вярнуцца да нашай асноўнай тэмы, Ultra-music Awards-2011, якая адбудзецца 11 сакавіка а 18-й гадзіне і трэба абавязкова не спазняцца, хацелася б запытацца пра прэзентацыі. На цырымоніі іх будзе некалькі. А чаму вы абралі менавіта гэтых музыкаў, бо яны не пераможцы?
Аляксандр Чарнуха: Насамрэч, акрамя галасаванкі на сайце ў нас ёсць і рэдакцыйныя ўзнагароды. Напрыклад, The Stampletons запісалі вельмі цікавы на наш погляд псіхадэлічны сінгл, таму мы іх і запрасілі. Monkey Bite таксама запісалі цікавую пласцінку, яны дэбютанты гэтага году. Калі хто памятае, быў яшчэ гурт Bagna і іх цудоўнае відэа, якое разышлося буйным накладам у інтэрнэце. Іх бубнач зараз грае ў Monkey Bite. У Pomidor/Off увогуле не было паўнавартаснай электрычнай прэзентацыі альбома “Патас/Попс/Прапаганда”. А гэта нехарактэрны для самога Памідорава альбом, таму што мы прызвычаіліся да хіп-хопу, шоўмэнства, а тут рок-выканаўца… Таму мы яго і запрасілі, да таго ж, сам “кам-бэк” Памідорава таксама цікавая падзея, я мяркую. А “Троіца” я не памятаю, калі грала ў клубным фармаце. Гэта ўсё знакавыя падзеі і іх сукупнасць у нас і будзе прадстаўленая.
Еўрарадыё: Канцэптуальненька!) Ну, і апошняе, напэўна, пытанне: Вядучыя! Раптоўна ў нас з’явіліся новыя імёны сярод канферансаў рок-канцэртаў. Чаму вырашылі абраць прадстаўнікоў партала News Belarus?
Аляксандр Чарнуха: І Рыгор Пятровіч Белка і Валеры Асіпчык вельмі цікавыя людзі, вельмі харызматычныя, якія маюць цудоўнае пачуццё гумару, і я мяркую, што яны змогуць неяк разварушыць публіку. Тое, што зараз робяць Белка ды Асіпчык, я сам не ведаю. Яны нешта сабе крэмзаюць на паперках, нешта абмяркоўваюць паміж сабой, але як гэта будзе праходзіць, нават мне цікава.