Вік: Беларусы маглі б вырабляць мільён аўтамабіляў і ўплываць на суседзяў
Доктар навук з Нямеччыны агучыў некалькі прапановаў для беларускай грамадзянскай супольнасці.
Падчас канферэнцыі “Будучыня Беларусі” у Вільні Ганс-Георг Вік з Асацыяцыі “Правы чалавека ў Беларусі” агучыў некалькі прапановаў для грамадзянскай супольнасці краіны.
На яго думку, трэба стварыць унутры і па-за межамі краіны акадэміі грамадзянскай супольнасці. Гэтыя акадэміі мусілі б будаваць інтэлектуальнае разуменне сітуацыі, у якой знаходзіцца краіна, і куды ёй належыць ісці праз 20 гадоў.
Таксама Ганс-Георг Вік звярнуў увагу на неабходнасць рынкавых пераменаў у эканоміцы.
Ганс-Георг Вік: “У 90-я гады Беларусь магла перавесці буйную прамысловаць у рынкавы рэжым, знайсці партнёраў за мяжой. Калі б гэта здарылася, вы б сёння выраблялі мільён аўтамабіляў, жылі ў камфортных умовах, зараблялі сабе на жыццё і аказвалі ўплыў на сваіх суседзяў — ЕС і Расію”.
Вік адзначыў, што на цяперашні час ЕС сур’ёзна ўспрымае грамадзянскую супольнасць Беларусі як партнёра. Раней жа беларускі трэці сектар “пакутваў” з-за непрызнання з боку Еўропы.