Вядомы спартовы хуліган хоча надзець каталонскую шапачку на Гутара
Джымі Джамп распавёў Еўрарадыё пра сваё стаўленне да БАТЭ, чаму небяспечна выбягаць на поле ў Беларусі і ў колькі яму абыходзяцца яго выхадкі.
Каталонец Джымі Джамп — адзін з самых вядомых спартовых хуліганаў свету ці “стрыкераў”. У сваёй кар’еры ён выбягаў на сцэну Еўрабачання і трасу Формулы-1. Але больш за ўсё Джымі любіць з’яўляцца на футбольным полі падчас матчаў “Барселоны”.
Еўрарадыё паразмаўляла з Джымі Джампам акурат перад матчам яго ўлюбёнага клуба супраць “Левантэ”.
Еўрарадыё: Што такое “Барселона” для цябе?
Джымі Джамп: Я фанат “Барселоны”. Калі я быў малы, мы разам з маім бацькам пайшлі на футбол на “Ноў Камп”, і мне спадабалася каманда “Барселона”. Зараз гэта лепшы ў свеце клуб.
Еўрарадыё: Чаму ты выбягаеш на поле? Гэта тваё хобі ці такі экстрым?
Джымі Джамп: Калі я быў маладзейшы — 10 гадоў таму — я зрабіў свой першы “скок” (так Джымі называе з’яўленне ў цэнтры тэлевізійных шоў ці спартыўных падзей — Еўрарадыё). Я хацеў адзначыць перамогу разам са сваёй камандай. Я выбег на сярэдзіну “Ноў Камп”. Гэта было ў 2002 годзе. Я быў вельмі шчаслівы, знаходзячыся ў цэнтры стадыёна паміж гульцоў “Барселоны”. І пасля таго выпадку я працягнуў гэта рабіць.
Еўрарадыё: І які твой самы любімы “скачок” за гэтыя 10 гадоў?
Джымі Джамп: Адзін з самых любімых скачкоў — падчас фіналу Еўра-2004 паміж Партугаліяй і Грэцыяй. Я кінуў сцяг “Барселоны” ў твар Луіша Фігу. Ён быў капітанам “Барселоны”, і ўвесь наш горад любіў яго. Але ён перайшоў у стан нашага ворага — у “Рэал” (Мадрыд). І мне было вельмі прыемна запусціць сцяг “Барселоны” яму ў твар.
Еўрарадыё: А што скажаш наконт тваіх скачкоў падчас “Еўрабачання” і іншых тэлешоў? Ці больш да спадобы ўсё ж такі футбольныя скачкі?
Джымі Джамп: Канешне, футбольныя скачкі — пачатак маёй жарсці і адрэналіну. Але мне ўжо 37 гадоў, і з’яўленне на ТВ-шоў падаецца мне больш спакойным. Калі ты скачаш падчас футбола, ты мусіш быць больш хуткім. Цяпер я старэйшы. З’яўленне на стадыёне дае мне больш адрэналіну, але, калі я трапляю ў тэлекамеры — мяне бачыць уся мільённая аўдыторыя.
Еўрарадыё: Ты бачыў першы матч паміж БАТЭ і Барселонай?
Джымі Джамп: Вядома, я глядзеў па тэлевізары. Я стараюся глядзець кожны матч “Барселоны”. Я бачыў, што адзін хлопец выбег на поле. Але па тэлебачанні гэта амаль не паказвалі — давялося пераглядаць на youtube. Я не ведаў нічога пра беларускі клуб. Я не чуў ніколі пра гэты клуб дагэтуль. Гэта добрая каманда, але ім будзе складана перамагчы на “Ноў Камп”. Але апошнім часам “Барселона” гуляе не вельмі добра, і ў БАТЭ будуць нейкія дадатковыя магчымасці. Толькі ўсё роўна будзе вельмі цяжка нешта зрабіць.
Еўрарадыё: Што скажаш пра скок падчас першага матча БАТЭ і “Барселоны”?
Джымі Джамп: Я думаю, што той хлопец зрабіў гэта не так хутка, як я, непрафесійна. Я стараюся трапляць у камеры. Праўда, ёсць такая праблема, што яны могуць не зафіксаваць тое, як я выбягаю.
Еўрарадыё: Тым больш, што ў “Барселоны” такая падтрымка.
Джымі Джамп: Зараз у “Барселоны” вельмі шмат заўзятараў, бо зараз гэта найвялікшая каманда. Я шчаслівы за сваю каманду. Але я не буду скакаць. На “Ноў Камп” я рабіў гэта тройчы, і цяпер буду чакаць, калі мы трапім у фінал ці паўфінал.
Як у мінулым сезоне, калі я выбег на поле падчас паўфіналу паміж “Барселонай” і “Рэалам”. Я хацеў трапіць маёй чырвонай шапачкай “барэцінай” у Раналда. Потым мая каманда выйшла ў фінал, дзе я таксама паспрабаваў кінуць “барэціну” ў некаторых гульцоў (смяецца). Буду чакаць паўфіналаў і фіналу Лігі чэмпіёнаў. Пасля маіх скокаў я мушу плаціць штрафы. І ў мяне не так шмат фінансаў.
Мая сітуацыя не вельмі добрая. Ніхто мне не дапамог, і я быў вымушаны плаціць больш за 200 тысяч еўра.
Еўрарадыё: І які быў самы дарагі твой скачок?
Джымі Джамп: Тут у Іспаніі я магу мець праблемы. Калі я раблю скачкі за мяжой, то магу правесці ў паліцэйскім участку адну ноч, а назаўтра быць на свабодзе. І нават нічога не плаціць. Таму я стараюся тут не скакаць. Аднойчы я выбег на трасу падчас Гран-пры Формулы-1. Мне давялося заплаціць 60 тысяч еўра. Яшчэ ў 2005 я выбег на “Санц’яга Бернабэу” падчас матча “Рэал” — “Барселона”. Мы выйгралі 3:0. Усе помняць, як тады гуляў Раналдзіньё. І гэта ўвогуле была фантастычная гульня. Я выбег ў самым пачатку і нават схапіў мячык. Тады я заплаціў 60 тысяч еўра. З-за гэтага я маю шмат праблем з маімі фінансамі.
Еўрарадыё: На каго з барысаўскіх футбалістаў ты апрануў бы сваю вядомую “барэціну”?
Джымі Джамп: Я апрануў бы на галкіпера! Аляксандр Гутар - добры галкіпер. Але думаю, у яго будзе шмат складанасцяў падчас гульні. І я хачу перадаць “прывітанне” менавіта яму. Але як я сказаў, я не буду выбягаць — буду чакаць паўфіналу ці фіналу. Зараз у мяне няма грошай скакаць ці падарожнічаць па ўсім свеце. Я быў на Кубку Паўднёвай Амерыкі гэтым летам, і пaтраціў усе грошы. Зараз я нідзе не працую, і не маю грошай, каб дазволіць сабе скачкі. Але я думаю “Show must go on”, бо гэта і ёсць для мяне праца. Я хачу выбягаць на поле і далей.
Еўрарадыё: Твой прагноз на матч? Які будзе лік?
Джымі Джамп: Я думаю, “Барса” выйграе, бо на наступным тыдні мы едзем на “Санцьяга Бернабэў”. І для таго, каб там дасягнуць добрага выніку, нам патрэбныя добрыя эмоцыі. Я думаю, мы выйграем 4:0, на жаль, для вас. А можа, і 5:0.
Еўрарадыё: Ці не забаронена табе наведваць стадыён?
Джымі Джамп: Я магу наведваць. Я не злачынец. І ў гэты час я не скачу. Я магу глядзець матч разам з усімі. Я не вар’ят, я адчуваю адрэналін, але магу кантраляваць свае эмоцыі. Я магу глядзець матч спакойна разам з сябрамі. Тым больш эканамічныя праблемы, пра якія я распавёў...
Таксама я скачу не толькі падчас матчаў. Я скакаў падчас “Еўрабачання” ў Осла. Я магу гэта зрабіць нават у Беларусі, толькі не ведаю, ці ёсць там падзеі, што пасуюць.
Далей Джымі запытаўся ў варшаўскага карэспандэнта Еўрарадыё, якія беларускія падзеі больш пасуюць для скачкоў.
Джымі Джамп: Думаю, што беларускія правілы больш жорсткія, чым у Іспаніі. Пэўна, калі ты “скочыш”, цябе можа збіць міліцыя. Я хачу скакаць паўсюль, па ўсім свеце. Але, напрыклад, рабіць у Расіі гэта страшна. Я стараўся трапіць у Маскву на фінал Лігі чэмпіёнаў у 2008 годзе. Але людзі параілі мне не скакаць, бо паліцыя мае жорсткія норавы.
Вы ведаеце, што Каталонія супраць Іспаніі, бо мы розныя нацыі. Падчас матча з “Рэалам” можна заўважыць каталонскія сцягі як падтрымку “Барселоны” і іспанскія сцягі, што падтрымліваюць мадрыдскую каманду. Гэта больш, чым вялікая гульня — гэта палітычная гульня, падчас якой вельмі небяспечна скакаць. Але я зрабіў гэта двойчы: у Мадрыдзе і Барселоне. І шоў працягваецца!
Можа я паеду ў Мадрыд і кіну “барэціну” ў Жазэ Маўрынью, бо не люблю ні яго, ні “Рэал” (Мадрыд).
Фота: www.afp.com