Выкладчык БДУ: Нават ліцэісты не ўмеюць пісаць ні па-руску, ні па-беларуску

120201 Nasta VNU.mp3

У Віцебску знаўцаў беларускай мовы стане менш, а ў Брэсце – больш. Еўрарадыё даведалася, чаму спыняюць набор на спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай.


У Мінскім педагагічным універсітэце закрытыя адразу 4 спецыяльнасці беларускай філалогіі. У прыёмнай камісіі запэўніваюць, што гэта не “рэпрэсіі” супраць беларускай мовы. А тычацца ўсіх філолагаў.


“Таму што няма попыту. Філолагі ў сваёй большасці ідуць у лінгвістычны ўніверсітэт. Гэта не канкрэтна беларускай мовы тычыцца… У 2011 годзе увогуле паступіла на 30% менш абітурыентаў, чым у мінулым годзе”, – тлумачаць у БДПУ.


Але з сямі зачыненых спецыяльнасцяў дзіўным чынам – чатыры рыхтавалі менавіта філолагаў беларускай мовы.


Па словах сакратаркі прыёмнай камісіі, у наступным годзе ў БДПУ вырашылі адмовіцца ад падрыхтоўкі педагогаў па спецыяльнасцях “Беларуская мова і літаратура”, “Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова”, “Беларуская мова і літаратура. Англійская мова”.


БДПУ: “На “Беларускую мову і літаратуру. Нямецкая мова” конкурс адсутнічаў, на “Беларускую мову і літаратуру. Руская мова” конкурс адсутнічаў”. А ўсе, то падаў дакументы, былі залічаныя”.


Еўрарадыё даведалася, ці закранула “рэформа” іншыя беларускія ВНУ.


У БДУ набор на спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай і літаратурай, змяншаць не будуць, кажа намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта Сяргей Важнік. Але абітурыенты становяцца ўсё больш неграматнымі, -- скардзіцца ён.


Сяргей Важнік: “Вы паглядзіце, што ў школах адбываецца – скарачаецца колькасць гадзінаў на вывучэнне рускай і беларускай моваў. Я працую таксама ў ліцэі. І паверце, што сітуацыя пагаршаецца. Нават у нас у ліцэі людзі фактычна становяцца непісьменнымі. Яны не ўмеюць пісаць. І гаворка ідзе ўжо не толькі пра беларускую мову, але і пра рускую”.


У Магілёўскім дзяржуніверсітэце адмаўляюць, што больш не будуць рыхтаваць выкладчыкаў беларускай мовы. Кажуць, што сёлета “беларусаў” набіраць будуць, але адмовяцца ад “мастакоў”.


“Акурат на беларускую мову ў 2012 годзе набор будзе. Не будзе набору на выяўленчае мастацтва. А потым, відаць, будзем чаргаваць – “мастакоў” будзем прымаць, а “беларусаў”, хутчэй за ўсё, не возьмем на 2013 год”, – паведаміў Еўрарадыё дэкан педагагічнага факультэта Магілёўскага ўніверсітэта Аляксей Лаўшук.


Такую сітуацыю спецыяліст тлумачыць тым, што школам настаўнікі беларускай мовы не патрэбныя.

“Універсітэту нявыгадна выпускаць людзей, якіх не патрабуе школа. Філолагаў ужо трэба малавата, таму будзем прымаць праз год – чаргаваць”.


У Віцебску філолагаў беларускай мовы таксама будзе менш – на 4 чалавекі, кажуць у прыёмнай камісіі Віцебскага дзяржуніверсітэта:


“Так, плануецца невялікае скарачэнне. Летась мы набіралі 17 чалавек на беларускую мову з псіхалогіяй, а таксама 17 – на беларускую мову з журналістыкай. У гэтым годзе будзем набіраць на 4 чалавекі менш”.


Бюджэтныя месцы скарочаныя па шэрагу спецыяльнасцяў – гэта тычыцца не толькі беларускай мовы, працягваюць у прыёмнай камісіі.


“Беларуская – гэта яшчэ не праблема. А вось калі на правазнаўстве засталіся ўсяго тры бюджэтныя месцы! Спецыяльнасць “сацыяльная праца” таксама скарацілася на 10 бюджэтных месцаў. Ні руская, ні замежная мова не скараціліся. Але іх і было не шмат”.


Ва ўніверсітэтах Брэста, Гомеля і Гродна скарачаць беларускія спецыяльнасці не будуць. У Брэсцкім дзяржуніверсітэце набяруць нават больш!


Прыёмная камісія: “Канкрэтна на спецыяльнасць беларуская філалогія атрымаецца нават болей. Калі ў нас было 12, то на наступны год мы заявілі каля 16… Летась на беларускую філалогію конкурс быў, мы набралі нават платнікаў”.


А вось на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова – англійская” у мінулым годзе не было пададзена ніводнай заявы!


“Я не разумею, па якой прычыне!.. У 2010 годзе у нас заставаліся тры месцы на спецыяльнасці “беларуская філалогія”. Было запланавана 15, а набралі толькі 12 абітурыентаў. Таму ў 2011 годзе мы зменшылі колькасць бюджэтных месцаў да 12. Але, як ні дзіўна, да нас прыйшло больш за 20 абітурыентаў. Я не разумею ваганняў гэтага попыту! Таму мы прапануем павялічыць месцы на беларускую філалогію”.


Звесткі пра закрыццё беларускамоўных спецыяльнасцяў у ВНУ пракаментаваў Еўрарадыё кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.


Трусаў: "Усё гэта такі комплексны момант: спачатку закрываюць беларускамоўныя класы, а потым ужо дабіраюцца і да філалогіі. Тым больш, што настаўнікаў наогул давялі да такой сітуацыі, што ніхто на настаўнікаў любых спецыяльнасцяў не паступае. Вы ж бачыце, што ў педуніверсітэты бяруць двоечнікаў — і то месцы застаюцца! Тут праблема не толькі з мовай звязаная, а з абыякавымі адносінамі да настаўнікаў любых прадметаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі