Выпускніца журфака на размеркаванні: Галоўнае — удала выйсці замуж!
Аўтарку “Белгазеты” размяркоўваюць у “СБ. Беларусь сегодня”, а літаратурнага рэдактара з кватэрай у Мінску — карэспандэнтам у Асіповічы.
У Інстытуце журналістыкі БДУ людна: ідзе размеркаванне. Каля ўвахода ў аўдыторыю, дзе засядае камісія, плача дзяўчына. Яе адправілі ў Асіповічы.
“Адправілі ў газету “Асіповіцкі край” карэспандэнтам. Я, як літаратурны рэдактар, журналіст прынесла заяўку з прыватнага выдавецтва Харвест. Але яе не задаволілі, бо з прыватнага, сказалі — нельга. У Асіповічах абяцалі заробак у 3 мільёны і інтэрнат. Я з Браслава, але маю кватэру ў Мінску і рэгістрацыю”, — скардзіцца выпускніца Ілона.
Поруч чакаюць дзве сяброўкі па курсе. Ужо замужам, таму з вольнымі дыпломамі. Усміхаюцца і радуюцца жыццю.
“Адзін выкладчык з першага года казаў, што самае галоўнае для студэнтак журфака —ўдала выйсці замуж. Ён меў рацыю. У нашым заканадаўстве прапісана: калі хлопец ці дзяўчына пабраліся шлюбам — маюць права на свабодны дыплом. І ў нас так склаліся зоркі”, — кажа спецыялістка-міжнародніца Крысціна.
Яшчэ адну журналістку-міжнародніцу Ганну размяркоўваюць у газету “СБ. Беларусь сегодня”, хоць яна ўжо год піша для “Белгазеты”. Нягледзячы на тры заяўкі, у прыватную газету не адпускаюць, скардзіцца дзяўчына.
“Я прыносіла тры заяўкі на папярэдняе размеркавання: адна з “Белгазеты”, адна з дадатку “Sexus”, і адна з інтэрнэт-партала BEL.BIZ. І ні адну з іх не задаволілі. Далі спіс гарадоў нашай краіны. Я абрала Гродна. Але ведала, што не паеду туды”, — расказвае Ганна.
Кіраўніцтва “СБ. Беларусь сегодня” дапамагло. Цяпер застанецца ў Мінску.
Леташнюю выпускніцу Алену Васільеву год таму таксама не пусцілі ў “Белгазету”. Пайшла ў магістратуру і праз год… размеркавалі ў Мінскую вобласць, у Любань.
“У мяне было некалькі запытаў з прыватных выданняў. Камісія сказала, што ў Любані патрэбныя людзі. Мне пайшлі насустрач, што я з Мінска, і параілі Любань, бо Мінская вобласць”, — расказвае Алена.
Замест Любані Алене таксама прапаноўвалі ісці ў “СБ. Беларусь сегодня” – не пагадзілася.
Цяпер дзяўчына збіраецца ў аспірантуру. Ці будзе ў Любані вакансія для кандыдата навук пасля аспірантуры — не вядома.
Правяраем, ці сапраўды настолькі патрэбныя карэспандэнты ў раёнках. У газеце “Асіповіцкі край” адразу радуюцца, калі пытаемся пра вакансіі. Бо не спадзяюцца на размеркаваную туды сёлета выпускніцу: можа не даехаць. І абяцаюць аклад у 1,8 мільёна + такі ж ганарар — абы прыехаў.
Дарэчы, у гэтым годзе платнікі з журфака не падавалі заяўкі на размеркаванне, расчароўваюць у Інстытуце журналістыкі БДУ.
З афіцэра, які не даслужыў "размеркаванне", спаганяюць 170 мільёнаў рублёў
Фота: portal.tpu.ru