Як правільна плаціць за святло па новай сістэме?
Чыноўнікі кажуць, што праграма ўсё разлічвае сама. На поштах блытаюцца і чакаюць, што людзі будуць заніжаць спажыванне электраэнергіі, каб не пераплачваць.
Аўтаматычная сістэма аплаты за электраэнергію па дыферэнцыяваных тарыфах падрыхтаваная! Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік гендырэктара РУП “Мінскэнерга” Юрый Мішук. Ужо сёння, каб заплаціць за святло, дастаткова прыйсці на пошту ці ў банк і паведаміць паказчыкі лічыльніка. І вуаля: камп'ютар аўтаматычна ўсё вылічвае.
На справе ўсе аказваецца складаней. У аддзяленні сувязі на сталічнай вуліцы Жукоўскага дзяўчына ўвогуле не разумее, пра якую аплату я пытаюся. І чамусьці пачынае пералічваць мне тарыфы на электраэнергію.
“За 250 кілават — 320 рублёў, звыш — там каля 400”.
У адным з паштовых аддзяленняў Фрунзенскага раёна Мінска кажуць, што новую сістэму аплаты яшчэ не засвоілі:
“Зашмат блытаніны, яшчэ не прывыклі, як яна працуе. Нават не магу сказаць, добрая яна ці не”.
Тут заўважаюць, што сярэднія паказчыкі па іх мікрараёне — 200 кілават на абанента! Большасць тутэйшых жыхароў мае газавыя пліты, і гэта значыць, што ў сваю норму — 150 кВт за месяц — людзі татальна не ўкладаюцца. Прыгадваю, што спецыялісты з РУП “Мінскэнерга” спадзяваліся на крыху іншыя лічбы. Паводле іх разлікаў, у вызначаныя нормы мусяць укладацца 70% насельніцтва сталіцы.
Што ж, нейкі анамальны гэты мікрараён, — думаю я. На пошце чакаюць, што шмат хто з абанентаў будзе заніжаць паказчыкі. Але гэта рабіць не вельмі выгадна. Калі вас правераць і паказчыкі апынуцца нашмат меншымі, давядзецца заплаціць за святло па 800 рублёў за кілават — паводле самага высокага тарыфу.
У філіяле РУП Мінскэнерга — “Энергазбыце” — Еўрарадыё распавядаюць, згодна з якім алгарытмам мусяць дзейнічаць беларусы. Здымаць паказчыкі трэба с 1 па 10 дзень кожнага месяца, а аплачваць — з 10 па 25. Гэта звязана з абнаўленнем базы па аплаце святла.
3“Але вы можаце плаціць, як прызвычаіліся — калі, да прыкладу, вы здымалі ці плацілі 15-га, гэтак і рабіце, калі вам так зручна”, — удакладняюць у “Энергазбыце”.
Пытаюся, ці будуць супрацоўнікі “Энергазбыта” правяраць паказчыкі. Яны адказваюць станоўча. Але калі я здыму паказчыкі 5 чысла, а правераць мяне 15-га — я атрымаю штраф за недаплату! — абураюся я.
У “Энергазбыце” мяне спрабуюць супакоіць:
"Калі ў вас будзе недаплата ў 100 кілават — нічога страшнага. А вось калі вы два месяцы не будзеце плаціць — вас адключаць. Не замарочвайцеся на гэтым. Калі ў вас будзе пазыка два месяцы, мы вас адключым. Вы аплаціце пазыку, падключэнне — і ўсе”.
Але не ўсё так проста. У тым жа “Энегразбыце” прызнаюцца, што падключыць электраэнергію змогуць толькі ў аўторак ці чацвер. Такая сістэма ва ўсім Мінску і Мінскім раёне.
Нагадаем, ад 1 лютага ў Беларусі дзейнічае дыферэнцыяваная сістэма аплаты за святло. За норму (250 і 150 кілават для ўладальнікаў электрычных пліт і газавых, адпаведна) плаціш паводле аднаго тарыфу, а за перавышэнне нормы — паводле іншага.