Яцэк Сянкевіч: "Ёсць нешта іншае, чым мінімал-камерцыйнае-тэхна"
Дзякуючы ініцыятыве новай прома-групы Getmereal, у Мінску пачалі адбывацца серыі вечарын пад назвай The Owner.
Гэта азначае, што галоўныя госці вечарын — “оўнэры”, уладальнікі гуказапісваючых лэйблаў.
Вечарыне, якая прайшла 6 сакавіка ў бар-клубе Экспансія, дастаўся госць з польскага лэйблу Recognition — вядомы дыджэй і музыка Яцэк Сянкевіч (Jacek Sienkiewicz).
Тэхна ад Яцэка Сянкевіча не б'е па вушах, не далбіць па галаве і не
прымушае агрэсіўна дрыгаць целам. Прафесіянал жанру ўмее пасяліць душу
нават у сінтэтычны біт...
Але беларуская публіка аказалася вельмі злой, настолькі, што вырашыла праігнараваць вечарыну (нягледзячы на тое, што замежных дыджэяў у сталіцу возяць вельмі рэдка) і ў большасці сваёй не прыйшла ў Экспансію.
Затое тыя, хто прыйшоў, атрымалі магчымасць як самыя сапраўдныя "віпы" праслухаць 4-гадзінны сэт, у якім Яцэк намяшаў мінулае з будучым і бавіўся, шчаслівы, што людзям падабаецца.
Пасля выступлення Еўрарадыё паразмаўляла з Яцэкам Сянкевічам. Размаўлялі прама ў адной з зал Экспансіі (з віп-комнаты ўсіх нечакана выгнала адміністрацыя). Каб падзякаваць за шыкоўны сэт, мы нават паспрабавалі размаўляць на польскай мове, што вельмі здзівіла музыку і той з задавальненнем пачаў разгорнута адказваць на пытанні.
Еўрарадыё: Табе спадабалася сёння граць?
Яцэк Сянкевіч: Мне заўсёды падабаецца ў Мінску, тут вельмі прыемная публіка, заўсёды нечакана рэагуе! Я вельмі люблю падтрымліваць новыя пляцоўкі, таксама як і ў Польшчы — я граю ў розных месцах, і вялікіх, і малых. Тут я пабачыў вельмі шмат цудоўных людзей, якія шчыра рэагавалі на маю музыку. І заўсёды я буду рады сюды прыязджаць.
Еўрарадыё: Але як табе выступаць у такім маленькім клубе, у параўнанні з тымі вялікімі пляцоўкамі, на якіх табе даводзіцца выступаць у Еўропе?
Яцэк Сянкевіч: Я аднолькава люблю выступаць на вялікіх рэйвах для некалькіх тысяч людзей, і ў маленькіх клубах для некалькіх дзесяткаў. Нават у малых клубах мне падабаецца больш, бо кантакт з публікай больш шчыльны. Я ніколі не адмоўлюся граць у малых клубах.
Еўрарадыё: Тое, што ты граеш, называецца тэхна, але ты накладваеш на гэтае тэхна вельмі шмат іншай па стылістыцы музыкі. Што гэта за музыка?
Яцэк Сянкевіч: Я слухаю музыку з усяго свету, любога стылю. І сёння было вельмі шмат навінак, якія нават не выдадзеныя яшчэ. Таксама сыграў рэчы, якія былі выдадзеныя 10 ці 20 гадоў таму. Усё што граю — гэта мікс новых твораў з олдскульнымі, класічнымі гукамі. Гэта крута, калі людзі могуць пачуць, што было калісьці, і пры гэтым адрывацца, і ў той жа час я магу да гэтага дадаваць новыя рэчы і трэнды.
Еўрарадыё: Чаго ты чакаеш ад чалавека, які слухае тваю музыку? Каб той танчыў, ці сядзеў у задуменні, ці… што?
Яцэк Сянкевіч: Ва ўсім мусіць быць баланс. Баланс паміж фанам і рэфлексіяй. Паміж чыстай забавай і глыбокім задуменнем.
Еўрарадыё: Але ў тваім тэхна нельга пачуць моцнага біту...
Яцэк Сянкевіч: Не, бо я люблю даваць людзям невялічкі працэнт недаказанасці, імправізацыю, і каб кожны мог сам што-небудзь дадумаць на гэты конт. Таму я лічу абавязкова ў дыджэй-сеце трэба даць крыху класікі, асноўнай музыкі, і ў той жа час — вельмі новае, можа нават не зразумелае пры першым праслухоўванні. Праз хвіліну некаторыя пачынаюць паглыбляцца ў гэтую музыку.
Еўрарадыё: Ты сябе адчуваеш модным музыкай? Ці больш андэграундным?
Яцэк Сянкевіч: Андэграундным, канешне! Я ўвесь час эксперыментую, а не ганяюся за модай. Часам гэта вельмі цяжка ўспрымаецца аўдыторыяй, часам не, але я ўвесь час раблю тое, што хачу рабіць. І гэта галоўнае.
Еўрарадыё: Але лёгка пабачыць імя Яцэк Сянкевіч на розных модных і папулярных мерапрыемствах…
Яцэк Сянкевіч: Калі я магу выказаць свой мэсэдж, сваю музыку вялікай аўдыторыі, то я не стрымліваю сябе — выступаю! І не важна, дзе гэта будзе. Мая музыка цалкам некамерцыйная, і калі хтосці запрашае мяне на камерцыйны фэст, то я там з задавальненнем граю, каб паказаць, што ёсць нешта іншае, чым мінімал-камерцыйнае-тэхна.
Еўрарадыё: У мінулым годзе Еўрарадыё наведала фестываль Аўдыёрывер у Польшчы, дзе і пабачыла тваё выступленне. Скажы, як ты ставішся да гэтага фэсту?
Яцэк Сянкевіч: Напэўна, найлепшы фестываль з электроннай музыкай у Польшчы. Ён з кожным годам развіваецца. Раней гэты фестываль называўся "Астыгматыкс", і я там граў 5—6 год таму. Зараз гэта Аудыёрывер, найпрыгажэйшае месца, шмат людзей, выбітны лайн-ап… Што я магу сказаць? Гэта шчасце там выступаць.
Еўрарадыё: Арганізатары Аудыёрывера ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавядалі, што ў Польшчы ёсць праблемы з электроннай музыкай. На твой погляд, гэта так?
Яцэк Сянкевіч: Так, цяжкасці ёсць. Я, як уладальнік андэграўнднага электроннага лэйблу, магу сказаць, што ёсць вялікая праблема з продажам музыкі. І вельмі цяжка зарабіць грошы на музыцы. Усе сцягваюць mp3 з інтэрнэту, а я выдаю вінілы. Але я верны сабе — працягваю выдаваць вінілы, як і ў старыя часы. Але шмат якім лэйблам вельмі цяжка выжыць, а новым — выйсці на рынак, бо ў інтэрнэце вельмі шмат рознай музыкі.
Еўрарадыё: Але для чаго ты трымаешся за вініл?
Яцэк Сянкевіч: Бо гэта класіка! Рокс! І я заўсёды буду падтрымліваць вініл. Вініл — гэта ВІНІЛ! І я вельмі хацеў бы, каб больш маладых дыджэяў гралі на вініле. Вядомая тэндэнцыя, што вініл памірае, але я лічу, што ўсе мы павінны падтрымаць яго, каб ён жыў заўсёды.
Еўрарадыё: Раскажы, што значыць для цябе быць уладальнікам лэйблу?
Яцэк Сянкевіч: Ну, мой лэйбл невялікі, і я там раблю тое, што хачу рабіць. Калі выдаю некалькі кружэлак запар, калі раблю перапынак. У сакавіку, напрыклад, выйдзе мой новы вініл, і пасля будуць рэгулярна выходзіць Recognition-вінілы. Але таксама Recognition Golds Digital. Такім чынам акрамя вінілавага лэйблу, дзе пераважна мая музыка, будзе лічбавы лэйбл з маладымі польскімі выканаўцамі. І дзесці праз два месяцы гэтую музыку можна будзе паўсюль знайсці і набыць.
Еўрарадыё: Хто можа трапіць на твой лэйбл?
Яцэк Сянкевіч: Любы, хто робіць новую, свежую музыку, з новымі гукамі, хто не ганяецца за трэндамі і модай і робіць свае новыя рэчы.
Еўрарадыё: Не думаў пасупрацоўнічаць з беларускімі музыкамі?
Яцэк Сянкевіч: Я ведаю некалькіх, але выдаваць іх яшчэ не збіраюся, бо, ведаеце… у мяне столькі знаёмых у Польшчы, што стварылася чарга з артыстаў, якіх я хачу выдаць… Але калі я прыеду ў Мінск яшчэ раз ці два, то, напэўна, што-небудзь зраблю і з беларусамі.
Еўрарадыё: Мо хто з беларускіх музыкаў ужо стаіць у чарзе?
Яцэк Сянкевіч: Цяжкае пытанне… Я зараз больш шукаю новыя гукі і эксперыментую, і хачу крыху адыйсці ад тэхна і рабіць больш эксперыментальную музыку. І я ведаю некалькіх людзей ў Беларусі, якія робяць цалкам іншую музыку, не электронную, з якімі я магчыма буду рабіць сумесны праект. Але гэта пакуль што таямніца.
Еўрарадыё: Можаш расказаць падрабязней на новыя гукі і эксперыменты?
Яцэк Сянкевіч: Мой будучы праект — гэта хайтэк-эксперыментал-псіхадэлічная музыка. І гэта будзе альбом, над якім я ўжо пачаў працаваць, і які, спадзяюся, выйдзе напрыканцы гэтага году. Там я выкарыстаю найноўшыя тэхналогіі і мусіць атрымацца вельмі сур'ёзная сучасная эксперыментальная электронная музыка, але "з прымрожэннем ока"… не ведаю, як гэта патлумачыць… Для ўсіх гэта будзе сур'ёзная музыка, а для мяне ў ёй будзе схаваны невялічкі жарт.
Еўрарадыё: Цікава! А што гэта за новыя тэхналогіі, пра якія ты кажаш?
Яцэк Сянкевіч: Гэта новая праграма, якая імітуе жывыя інструменты. То бок альбом будзе з цэлым аркестрам, толькі сінтэтычным.
Еўрарадыё: У цябе ўласная студыя. Раскажы пра яе.
Яцэк Сянкевіч: У мяне вельмі маленькая студыя, але там шмат апаратуры, шыкоўны гук і акустыка. Вось сяджу там, як у бункеры, і раблю новыя праекты.
Еўрарадыё: Як лічыш, абавязкова мець сваю студыю, каб эксперыментаваць і пісаць музыку, падобную на тваю?
Яцэк Сянкевіч: Ой, не. Я ведаю музыкаў і дыджэяў, у якіх на лэптопе атрымліваецца зрабіць супер-прадукцыю. Гэта не пытанне тэхнікі, а пытанне таго, што ў чалавека ў галаве. Калі ёсць добрая ідэя, чалавек можа яе рэалізаваць, не маючы амаль нічога пад рукой. І крута, што сёння, дзякуючы тэхналогіям, кожны, у каго ёсць ідэі, можа рэалізаваць іх, нават не маючы студыі. Але я маю...
Еўрарадыё: Колькі грошай ты траціш на сваю студыю?
Яцэк Сянкевіч: Усе!
Еўрарадыё: Фінальная фраза для нашых слухачоў, і паедзем ужо на аўтапаці!
Яцэк Сянкевіч: Прывітанне ўсім слухачам Еўрарадыё, запрашаю паслухаць добрую музыку на маім лэйбле Recognition. Спадзяюся, хутка я зноў прыеду ў Мінск, так што пабачымся!
Фота: Зміцер Тарасенка