Юрыст Сушко: Эфектыўнасць грамадскіх скаргаў вельмі нізкая

Улада абавязаная і будзе клапаціцца ў нашай краіне пра грамадзянаў, але і людзі не павінны злоўжываць такімі адносінамі з боку дзяржавы. Такую думку выказаў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік.

Паводле яго словаў, нярэдка бывае, калі адны і тыя ж грамадзяне дзесяткі разоў прыходзяць на прыём да чыноўнікаў, хаця ўжо вядома, што ў іх адсутнічаюць падставы для патрабаванняў. Часам на прыёмы кожны чацверты ці пяты наведвальнік прыходзіць паводле прынцыпу “я іх усё роўна дастану”. У такіх сітуацыях улада павінна паступаць больш жорстка, лічыць віцэ-прэм’ер.

З гэтай нагоды Еўрарадыё звярнулася па каментар да Андрэя Сушко.

Еўрарадыё: Ці маюць права звычайныя беларусы звяртацца да чыноўнікаў некалькі разоў за месяц, за год або ёсць нейкія абмежаванні?

Андрэй Сушко: “Тэарэтычна, калі чалавек прайшоў працэдуру абскарджавання першай інстанцыі, другой у рамках выканаўчай улады, не ў судзе, і яму далі адказ, калі ён скардзіцца і не прыводзіць ніякія новыя аргументы, то чыноўнік мае поўнае права спыніць перапіску на падставе таго, што пытанне было разгледжанае. Гэта фармальна. Ведаючы, як працуе сістэма выканаўчай улады ў Беларусі, я магу сказаць, што эфектыўнасць такіх скаргаў, абскарджванняў вельмі нізкая”.

Еўрарадыё: Як тады дамагчыся праўды, ці ёсць нейкае выйсце?

Андрэй Сушко: “Ёсць механізмы. Я раю абскарджваць нейкія рэчы людзям у судзе. У рамках Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса ёсць працэдура, калі чалавек можа падаць скаргу на дзеянне чыноўніка або службовай асобы, або на дзеянне ці бяздзейнасць нават органа. І ў судзе, калі публічны разгляд, калі выклікаюцца бакі, то ўжо лягчэй дамагчыся нейкай праўды. У судзе ў гэтых выпадках сваю слушнасць павінен даказваць дзяржорган або чыноўнік. Яны павінны даказаць, што яны робяць правільна, а вы павінны проста прыйсці ў суд”.

Еўрарадыё: Ці вы ведаеце такія выпадкі, калі людзі абскарджвалі рашэнні, напрыклад, дзяржорганаў у судзе і выйгравалі?

Андрэй Сушко: “Так. Быў нядаўна выпадак з хлапцом, якога выключылі з ВНУ. Ён гэта абскардзіў — і яго аднавілі. Ёсць такія выпадкі. Нават у рамках нашай сітуацыі ў Беларусі — гэта мізэрныя выпадкі, бо не працуе судовая ўлада. Няма інстытуцыі, якая выконвае правасуддзе. Але часам гэтыя рэчы працуюць”.

Еўрарадыё: Колькі чыноўнікі мусяць разглядаць скаргу па часе? Калі яны мусяць адказаць і ці мусяць яны адказваць увогуле?

Андрэй Сушко: “Чалавек, які не згодны з дзеяннем любога чыноўніка або дзяржоргана, можа ў адвольнай форме выкласці сваю прэтэнзію і даслаць яе на адрас гэтага органа. Скарга або прапанова павінна ўтрымліваць вельмі простыя рэчы: адрас чалавека, імя, прозвішча, сутнасць праблемы, прапанову, подпіс, дату і адрас органа, куды ён гэта накіроўвае. Паводле закона “Аб звароце грамадзян”, цягам месяца яны павінны разгледзіць гэта і даць пісьмовы адказ. Калі патрабуецца дадатковая праверка, могуць разглядаць два месяцы, але ўсе роўна цягам першага месяца яны павінны вас паінфармаваць аб тым, што праводзіцца дадатковая праверка і адказ прыйдзе праз два месяцы. У Мінску ёсць такая практыка Мінгарвыканкама, што падпарадкаваныя Мінгарвыканкаму органы яны разглядаюць цягам 15 дзён. І калі чалавек атрымлівае адказ, ён часцей за ўсе мае права звярнуцца са скаргай у суд у межах спецыяльная працэдуры, пра якую я казаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі