За тры месяцы рэйтынг Лукашэнкі знізіўся на 5%

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, рэйтынг прэзідэнта знізіўся з 48% да 43,6%. Адна з прычынаў гэтага  — выхад тэлевізійнага серыялу "Хросны бацька". 10% апытаных адзначылі, што пасля прагляду фільма сталі горш ставіцца да яго галоўнага героя.

Вынікі незалежнага сацыялагічнага апытання пракаментаваў Еўрарадыё сацыёлаг Алег Манаеў:

“Параўнальны аналіз вынікаў грамадскага меркавання, што быў праведзены ў верасні, з тым, што быў у чэрвені, паказвае, што рэйтынг прэзідэнта некалькі знізіўся — прыкладна на 5%, а рэйтынгі яго апанентаў, перш за ўсё прадстаўнікоў апазіцыі (тых 8-мі, што зараз збіраюць подпісы,) некалькі падраслі”.


“Можна напісаць “рэйтынг прэзідэнта зніжаецца, а рэйтынг Някляева вырас у тры разы” — гэта будзе праўда, але без расшыфроўкі гэта будзе хлусня”, — працягвае Алег Манаеў. Важна глядзець на лічбы:

“Знізіўся — гэта значыць, што ён быў 48% з капейкамі ў прэзідэнта, а стаў 43,6%. Хто ў нас адзін з самых яркіх апазіцыянераў? Ну, Някляеў, напрыклад. У яго рэйтынг быў 1,6%, а стаў 5,1%”.

Як такія невялікія змены мяняюць перспектыву выбараў і іх вынікі? Алег Манаеў мяркуе, што калі такая тэндэнцыя будзе і надалей захоўвацца, дзейны прэзідэнт усё адно выйграе ў першым жа туры без усялякіх фальсіфікацый. Нягледзячы на тое, што рэйтынг 43% менш за 50+1:

“43,6% — гэта ад усіх 100%. 100% ні ў воднай краіне не прыходзяць на галасаванне. Гэта залежыць ад таго, колькі чалавек прыйдзе. Калі, напрыклад, прыйдзе 2/3 галасаваць, прыкладна 65%, то, адпаведна, гэтая лічба пераўтворыцца ў 67%; калі прыйдзе 3/4 (75%), то яна пераўтворыцца ў 58%. Такім чынам можна меркаваць, што 58% рэальных працэнтаў у першым туры ёсць ужо сёння”.


Нягледзячы на падзенне рэйтынгу Лукашэнкі, “аб’яднаны” электарат васьмі апазіцыйных палітыкаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы, адстае ад электарату свайго галоўнага апанента. Лічба апазіцыйнага электарату практычна не змянілася і складае па-ранейшаму каля 30% — гэта значыць парадку двух мільёнаў выбаршчыкаў.

Алег Манаеў:
“Сукупны электарат у Беларусі, які гатовы галасаваць за таго ці іншага дэмакратычнага кандыдата, атрымліваецца прыкладна 27%”.

У такой сітуацыі дэмакратычным лідарам надзвычай важна кансалідаваць свае намаганні, упэўнены Алег Манаеў. Нягледзячы на тое, што максімум, на які можа разлічваць адзіны кандыдат ад апазіцыі, — гэта 25%:

“Калі атрымаецца кансалідаваць намаганні, то можна меркаваць, што гэты адзіны кандыдат, як быў Мілінкевіч у 2006 годзе, можа патэнцыйна назбіраць да 25% галасоў. І тады суадносіны яго галасоў з тымі, што атрымае прэзідэнт, будзе прыкладна адзін да двух. Але гэта, мякка кажучы, гіпатэтычная сітуацыя. Таму што спробы кансалідавацца нічым не скончыліся”.


Навошта імкнуцца атрымаць максімальны апазіцыйны электарат у межах 25%?

Алег Манаеў: “Калі альтэрнатыўны кандыдат атрымлівае да 25% галасоў — гэта каля 1,5 мільёна галасоў… І калі мы зазірнем у жыццё пасля выбараў, то абсалютна ясна, што чалавек, маючы ў кішэні такі мандат даверу, атрымоўвае вельмі магутны аргумент. Такі чалавек імгненна будзе звяртаць на сябе ўвагу і Ўсходу, і Захаду, і беларускага народа”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі