Задаў пытанне прэзідэнту — прэч з працы?

120112 Jashchanka_Termaplast.mp3

Працаўнік рэчыцкага прадпрыемства “Тэрмапласт” Дзяніс Сцепаненка скарыстаўся сваім грамадзянскім правам і праз сайт Адміністрацыі прэзідэнта задаў кіраўніку краіны шэраг пытанняў. Аднак гэта не спадабалася адміністрацыі прадпрыемства, кажа ён. На Сцепаненку пачалі аказваць ціск, а пасля заявілі, што працоўны кантракт з ім працягнуты не будзе.

Калі Еўрарадыё напрамую запытала ў дырэктара “Тэрмапласта” Рыгора Васільца, ці не сталі прычынай звальнення Сцепаненкі яго скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта, кіраўнік прадпрыемства адказаў наступнае:

Васілец: “Калі б вы паразмаўлялі з ім, альбо пачыталі б яго скаргі, вы б зразумелі, што гэта неадэкватны чалавек. Але ён мае права пісаць, няхай піша. Я на яго скаргі ўвагі не звяртаю”.

Мы паразмаўлялі з Дзянісам Сцепаненкам. І ён зачытаў нам дакладны тэкст свайго звароту прэзідэнту.

Сцепаненка: “Чаму ў мяне такі маленькі заробак, ці законна, што рабочыя на прадпрыемстве ўжо паўтары гады працуюць чатыры дні ў тыдзень, чаму пенсіянераў, якія прапрацавалі на прадпрыемстве 35 год, звальняюць, а тых, хто прапрацаваў менш за год і ні за што не адказваюць, трымаюць на працы. Таксама я афіцыйна адмовіўся прымаць удзел у прыборках вёсак, якія замацаваны за “Тэрмапластам”. Там жывуць алкашы, якія нідзе не працуюць, хай яны самі і прыбіраюць. Аднак, канкрэтных адказаў на мае пытанні я не атрымаў”.

Неўзабаве Дзяніс Сцепаненка адчуў ціск з боку адміністрацыі “Тэрмапласта”.

Сцепаненка: “На мяне пачалі ціснуць. Пыталіся, чаму я пішу, чаму раблю скандалы, казалі, што перашкаджаю іншым працаваць, а праз некалькі дзён мяне папярэдзілі пра тое, што са мной не будзе працягнуты кантракт  у сувязі з заканчэннем тэрміна дзеяння. Я на гэтым папярэджанні напісаў: Не згодны”.

Дырэктар прадпрыемства “Тэрмапласт” Рыгор Васілец тлумачыць звальненне працаўніка па-іншаму. Па яго словах, па-першае, кантракт са Сцепаненкам не будзе працягнуты ў сувязі з аптымізацыяй вытворчасці і кадраў, а па-другое, Дзяніс парушальнік дысцыпліны.

Васілец: “Ён год адпрацаваў, у яго ёсць дзве вымовы і заўвага. Цягам усяго года ён парушаў працоўную дысцыпліну”.

Сам Дзяніс Сцепаненка лічыць сябе сумленным працаўніком , акрамя таго, ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці “Тэрмапласта”.

Сцепаненка: “Я народны засядальнік Рэчыцкага раённага суда, камандзір добраахвотнай дружыны па ахове грамадскага правапарадку, камандзір добраахвотнай пажарнай дружыны”.

Словы Сцепаненкі пра яго грамадскую актыўнасць падцвярджае і дырэктар Васілец. Аднак кіраўнік прадпрыемства адзначае, што час ад часу Дзяніс падае пра сябе непраўдзівую інфармацыю.

Васілец: “Так, ён чалавек актыўны, выклікаецца на любыя працы. Так, ён быў сябрам добраахотнай пажарнай дружыны, але ў сваіх скаргах ён піша, што ён камандзір гэтай дружыны. Ніякім камандзірам ён не быў”.

Са свайго боку, Дзяніс бяздзейнічаць не збіраецца. Ён будзе бараніць свае правы і дамагацца аднаўлення на працы. Пра тое, як ён гэта будзе рабіць, гаворыць сам Сцепаненка.

Сцепаненка: “Буду звяртацца ў суд з просьбай аднавіць мяне на працы. Я гатовы дайсці і да Вярхоўнага суда, а калі гэта не дапаможа, буду звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека”.

На пытанне, чаму ён так трымаецца за гэтую працу, калі яго не задавальняе заробак, Сцепаненка адказвае, што ад яе ён атрымлівае задавальненне, а знайсці такое месца ў Рэчыцы не так і проста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі