Зянон Пазняк прэзентаваў у Варшаве 2 новыя кнігі (фота)
А таксама адказаў на пытанні, звязаныя з палітычнай сітуацыяй у Беларусі і будучыняй краіны.
Сустрэчу з Зянонам Пазняком 5 кастрычніка арганізавала "Беларуская Нацыянальная Памяць" і яе кіраўнік Анатоль Міхнавец. Такія сустрэчы з кіраўніком Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ праходзяць у польскай сталіцы штогод і кожны раз на іх Пазняк прадстаўляе свае новыя кнігі. Гэтым разам прысутным прэзентавалі "Добрую фатаграфію" і "Абарону Курапатаў. Народны мемарыял".
Перад прысутнымі, якіх сабралася цэлая зала, Пазняк у гэты вечар паўстаў не толькі як палітык, але і як знаўца фотасправы. Яго кніга "Добрая фатаграфія" распавядае пра фота і фатографаў розных часоў і народаў. Кніга складаецца з 56 эсэ пра фотаздымкі ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён. "Добрая фатаграфія" — таксама кніга, дзе Зянон Пазняк дае ацэнку працам сучасных беларускіх фатографаў і журналістаў.
Кніга "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" напісаная Зянонам Пазняком у суаўтарстве з Валерам Буйвалам. У ёй разглядаецца перыяд, звязаны з Курапатамі з часу адкрыцця месца масавых расстрэлаў і да пачатку ХХІ стагоддзя. Кніга складаецца з дзвюх частак. У першай — адмысловыя фатаграфіі, артыкулы і матэрыялы Зянона Пазняка і Валера Буйвала. У другой, якую можна назваць дадаткам, ранейшыя артыкулы Зянона Пазняка, інтэрв'ю Сяргея Навумчыка і Аляксандра Лукашука.
Пасля заканчэння прэзентацый кніг публіка змагла задаць палітыку пытанні. Вялікая іх частка тычылася палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пазняк адзначыў, што на гэтых выбарах беларускі народ паказаў сваё стаўленне да ўлады і не пайшоў на выбары. У 75% яўкі выбаршчыкаў у Беларусі ніхто не паверыць. Гэта азначае пачатак канца беларускага прэзідэнта, упэўнены кіраўнік КХП БНФ. Пазняк у сувязі з гэтым правёў паралелі з 1980-мі гадамі, калі савецкае тэлебачанне казала, што ў краіне ўсё добра, але яму ўжо ніхто не верыў.
На заканчэнне сустрэчы адбылося падпісанне Пазняком кніг і фатаграфаванне палітыка з усімі жадаючымі. За аўтографамі расцягнулася вялікая чарга, якая закончылася толькі праз 40 хвілін.