Рэзервовы фонд Лукашэнкі: адкуль там грошы і на што іх трацяць

Аляксандр Лукашэнка ў сховішчы золатавалютнага рэзерву Беларусі
Аляксандр Лукашэнка ў сховішчы золатавалютнага рэзерву Беларусі

З 1 жніўня базавая стаўка, да якой прывязана заработная плата бюджэтнікаў, павышаная да 198 рублёў. Гэта значыць, што заробкі ў бюджэтнікаў вырастуць. Абыдзецца гэта ў 206 мільёнаў рублёў. Вылучаныя яны будуць — з "рэзервовага фонду прэзідэнта".

Резервный фонд Лукашенко: откуда там деньги и на что их тратят

Адкуль там грошы?

Штогод у законе "Аб рэспубліканскім бюджэце" публікуюцца звесткі пра памер "рэзервовага прэзідэнцкага фонду". Так, у 2021 годзе туды будзе адлічана 613 мільёнаў рублёў. У 2020 годзе гэтая сума была амаль у тры разы меншая і складала ўсяго 244 мільёны.

Калі судзіць па звестках рэспубліканскага бюджэту, "рэзервовы фонд Лукашэнкі" ёсць бюджэтнымі грашыма, а не пазабюджэтнымі, як гэта пастаянна спрабуе выставіць Лукашэнка.

Няма ніякага публічнага дакумента, дзе былі б пералічаныя крыніцы, з якіх фармуецца рэзервовы фонд. Згодна са звесткамі з закона "Аб рэспубліканскім бюджэце", частка сродкаў паступае з бюджэту, а частка — нейкія "дадатковыя даходы".

У 2021 годзе рэзервовы фонд больш чым напалову сфармаваны з іх. Вядома, што частка "дадатковых даходаў" фармуецца за кошт "лішку" падатку на прыбытак.

Яшчэ адна крыніца папаўнення рэзервовага фонду — мэтавыя адлічэнні з дзяржорганаў. Вядома, што ў 2000 годзе Мінфін абавязаў розныя дзяржструктуры адпраўляць у рэзервовы фонд 10% ад сродкаў, прадугледжаных на ўтрыманне іх апаратаў кіравання.

Резервный фонд Лукашенко: откуда там деньги и на что их тратят

Куды трацяцца грошы з рэзервовага фонду?
 

Камітэт дзяржкантролю з 2016 года стаў публікаваць справаздачы аб асваенні рэзервовага фонду Лукашэнкі. Больш ранняй інфармацыі там няма.

Штогод з рэзервовага фонду грошы трацяцца на капітальнае будаўніцтва і збудаванне сацыяльна значных аб'ектаў. На разнастайныя прэміі і стыпендыі для падтрымкі "таленавітай моладзі" — так званая прэзідэнцкая стыпендыя. І, раптам, на адпачынак і лячэнне замежных дзяцей — у асноўным з Кітая, Сірыі, Егіпта.

У астатнім інфармацыю пра тое, што спансуе Лукашэнка, можна ўзяць з ягоных жа расказаў або асобна апублікаваных дакументаў.

Так, у 2006 годзе Лукашэнка расказаў, што на грошы з фонду купіў самалёт.

У 2011 годзе вылучыў на рэканструкцыю Купалаўскага тэатра.

У 2012 годзе рэзервовы фонд аплаціў стварэнне новага сайта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён абышоўся прыкладна ў 750 тысяч рублёў.

У 2016 годзе заяўлялася, што каля 800 мільёнаў рублёў будуць вылучаны на сацыяльную падтрымку малазабяспечаных і іншых сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва.

У 2017 годзе прыкладна 80 мільёнаў рублёў былі вылучаныя на будаўніцтва Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра пад Ждановічамі і аб'ектаў інфраструктуры АЭС.

У 2020 годзе каля 1,5 мільёна рублёў былі вылучаны з фонду навучальным установам БПЦ.

Неразмеркаваная рэшта
 

Пры гэтым далёка не кожны год грошы з фонду трацяцца цалкам. І вось тут самае цікавае: ніхто не ведае, куды дзяюцца рэшткі.

Са штогадовых справаздач КДК аб рэзервовым фондзе можна заўважыць, што частка сродкаў застаецца нявыкарыстанай. І няма ніякіх тлумачальных дакументаў, дзе расказвалася б, што становіцца з гэтымі "неразмеркаванымі" грашыма.

З 2016 да 2019 года не было размеркавана 803 мільёны рублёў. Што з імі стала — невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі