Эксперт кажа, што думак будаваць дэмакратычную Беларусь у прадстаўнікоў сістэмы як не было, так і няма. Паўплываць на гэта пакуль не могуць ні санкцыі, ні перспектыва наладзіць палітычныя адносіны з Захадам.
Галоўны план — выжыць самім, і пакуль ёсць толькі два магчымыя сцэнары таго, як гэта зрабіць:
- надурыць Захад, дэманструючы, што рэжым гатовы на нейкія саступкі;
- трымаць беларусаў у моцных цісках, каб, не дай божа, не пачаліся чарговыя пратэсты.
— З улікам таго, што сілавікі не страцілі сілы і ўплыву, думаю, што там “пад коўдрай” вядзецца калі не двубой, дык прынамсі дыскусія, — лічыць Юрый Дракахруст. — Асноўнае пытанне ў тым, як лепш зрабіць, каб гэты рэжым выжыў і пасля Лукашэнкі. Я думаю, гэтае пытанне абмяркоўваецца, магчыма, у тым ліку з ім. Лукашэнка разумее, што гады ідуць, ён не вечны, таму нават час ад часу кажа пра тую ж змену пакаленняў.
Тым часам адны адэпты рэжыму кажуць, што беларусаў трэба трымаць у кулаку і калі адпусціць — то ўсё, зноў 2020 год, людзі вілы возьмуць, зарэжуць і гэтак далей. Іншыя адказваюць: ды ну, навошта вілы? Калі мы будзем імітаваць многае, калі аслабім гэты захват, то ўмацуем рэжым.
Калісьці так бліскуча рабіў [міністр замежных спраў] Уладзімір Макей. Цяпер можна сказаць, што ў яго з’явіліся пераемнікі.