Румас незадаволены экспартам: сітуацыя "няпростая і не можа задавальняць"
Сяргей Румас / Еўрарадыё
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас незадаволены экспартам па выніках студзеня-жніўня 2019 года. Ён называе сітуацыю няпростай і заяўляе, што яна не можа задавальняць. Пытанні нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту прэм'ер абмяркоўваў сёння з урадам на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.
Якія лічбы так не задавальняюць прэм'ера?
Па выніках васьмі месяцаў экспарт адстае нават ад мінулага года, тэмп росту — 96,9%. Вінаватымі ў гэтай сітуацыі Румас лічыць міністраў, губернатараў, Міністэрства замежных спраў, якое "сур'ёзна недапрацоўвае", і кіраўнікоў замежных устаноў.
У экспарце павялічылася доля ЕАЭС, але прасела доля Еўрапейскага саюза. Вялікі ўплыў на сітуацыю зрабіла нафта, асабліва калі казаць пра еўрапейскі рынак. Калі ачысціць экспарт тавараў ад нафтавай групы, то тэмп росту складае 100,9%, аднак, на думку прэм'ер-міністра, гэта "не павінна служыць ні для каго заспакаеннем".
Даведзеныя заданні па экспарце тавараў не выконваюцца ў 37 замежных установах з 57. А 15 дыпмісій не выконваюць заданні другі год запар. "Па большасці з гэтых замежных устаноў няма аргументаваных тлумачэнняў, як і мер рэагавання з боку МЗС", — абураецца Сяргей Румас.
Таксама прэм'ер звярнуў увагу на тое, што працягвае запавольвацца рост эканомікі. Па дадзеных за 9 месяцаў, ВУП вырас усяго на 1%. "Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінныя несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы", — лічыць кіраўнік урада.
На першую дэкаду лістапада запланаванае абмеркаванне, на якім будуць прааналізаваныя ўсе абяцанні, дадзеныя кіраўнікамі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў на пасяджэннях ва ўрадзе, з ацэнкай дзеянняў гэтых кіраўнікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.