Румынія: (НЕ)аксамітная рэвалюцыя праз 30 гадоў

Reuters
Reuters

Сёлета свет адзначае 30-годдзе восеньскіх рэвалюцый 1989 года, якія ўзрушылі Цэнтральную і Усходнюю Еўропу і прывялі да падзення камуністычнага рэжыму. Румынія была адзінай краінай ва ўсходнім блоку, дзе пераход да дэмакратыі адбыўся па жорсткім сцэнарыі, з кровапраліццем і пакараннем смерцю камуністычнага лідара Нікалае Чаўшэску і яго жонкі Алены.

Пасля ўцёкаў Чаўшэску новым органам улады стаў Савет Фронту нацыянальнага выратавання на чале з Іонам Іліеску. Цяпер Іліеску абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасці. Яго ваенныя меры спрыялі ўзброеным сутыкненням ужо пасля скідання рэжыму Чаўшэску. Большая частка загінулых прыпадае на дні пасля расстрэлу дыктатара — па заключэнні пракуратуры, гаворка ідзе пра больш як 860 загінулых. Справа аб Рэвалюцыі 1989 года застаецца нявырашанай ужо 30 гадоў.

"Я бачыла, як салдаты стралялі са зброі і стрэлы зіхацелі ў небе"

"Улады румынскай дзяржавы, адпаведна армія, міліцыя, служба бяспекі і патрыятычныя гвардыі (румынскае ваенізаванае фарміраванне камуністычнай эпохі. — Заўв. рэд.), абстрэльвалі людзей з непасрэднай згоды тых, хто быў на чале Камуністычнай партыі — злачыннай партыі з людзьмі, у якіх была ўлада аддаць загад страляць у народ", — расказвае Тэадор Мэрыеш, удзельнік рэвалюцыі і старшыня Асацыяцыі "21 снежня 1989 года".

Рэвалюцыя ўспыхнула 16 снежня ў Тымішаары. Усё пачалося з мірнага пратэсту, выкліканага зняццем са сваёй пасады і высяленнем з дома дысідэнта, венгерца па нацыянальнасці, Ласла Цёкеша. Неўзабаве пратэст перарос у антыкамуністычны, і рэвалюцыя распаўсюдзілася і на іншыя гарады Румыніі, а завяршылася ў Бухарэсце. "Секурытатэ", міліцыя і ваенныя спрабавалі задушыць пратэсты сілай, стралялі ў людзей і затрымлівалі пратэстоўцаў.

Георге Станчу затрымалі ўвечары 21 снежня. Як і многіх іншых, яго катавалі, а затым адправілі ў Жылаўскую турму. На наступны дзень, калі быў скінуты Чаўшэску і Георге вярнуўся дадому, бацькі не пазналі сына і не адчынілі дзверы. "Вось настолькі я быў знявечаны", — успамінае Георге, удзельнік рэвалюцыі 1989 года.

Румыния: (НЕ)бархатная революция 30 лет спустя
Георге Станчу, удзельнік рэвалюцыі 1989 года, лічыць, што Чаўшэску не трэба было караць смерцю
/ Кацярына АЛЯКСАНДР / Ziarul de Gardă

Мужчына кажа, што менавіта дзяржаўныя сілы ператварылі мірную рэвалюцыю ў гвалтоўную:

"Мы былі з пустымі рукамі. Яны ператварылі мірную рэвалюцыю ў жорсткую. Яны, з-за страху быць зрынутымі, дапусцілі ўсе віды гвалту і, у рэшце рэшт, стралялі ў людзей".

Нікалеце Джыўркану на момант рэвалюцыі было 14 гадоў. У ноч на 21 снежня 1989 года яна разам з 12-гадовым братам і бацькам выйшла на вуліцы Бухарэста "перажываць гісторыю", як сказаў ім бацька.

"Я бачыла, як салдаты стралялі са зброі і стрэлы зіхацелі ў небе. Людзі былі шчаслівыя і крычалі "СВАБОДА", а нашы душы нібы ўзносіліся на неба з гэтымі словамі", — успамінае Нікалета.

Румыния: (НЕ)бархатная революция 30 лет спустя
Нікалеце Джыўркану на момант рэвалюцыі было 14 гадоў. Яе затрымалі разам з братам і бацькам / Кацярына АЛЯКСАНДР / Ziarul de Gardă

Але рэпрэсіўныя сілы ўсё яшчэ спрабавалі задушыць пратэсты і выцесніць рэвалюцыянераў з вуліцы. Нікалета ўспамінае, як чатыры чалавекі навялі на яе зброю са словамі: "Бягом за намі".

Нікалету арыштавалі і катавалі ў міліцэйскім участку. Дзяўчынку збівалі да страты прытомнасці і прыводзілі ў пачуцці, выліваючы на галаву вёдры з вадой, і зноў працягвалася збіццё.

"За 30 гадоў гэтыя людзі не заплацілі за ўчыненае"

"Тыя, хто біў нас, былі міліцыянерамі 14-га ўчастка. Многія з іх у цяперашні час займаюць шэраг важных пасад. Некаторыя з тых, хто катаваў нас тымі начамі, у цяперашні час усё яшчэ знаходзяцца ў 14-м аддзяленні, адзін з іх з'яўляецца там галоўным камісарам, — адзначае Нікалета. — Я не магу зразумець, як румынская дзяржава хавала злачынцаў столькі гадоў? За 30 гадоў гэтыя людзі не заплацілі за ўчыненае. Больш за тое, яны засталіся на пасадзе, выйшлі на пенсію, спакойна працягнулі сваё жыццё, прасоўваліся па службе, усхваляліся, удастойваліся ўшанавання, медалёў".

Нікалета, разам з сотнямі іншых удзельнікаў рэвалюцыі і сваякамі загінулых, звярнулася па справядлівасць у Еўрапейскі суд па правах чалавека, які вынес каля 300 рашэнняў, якія абавязваюць дзяржаву выплаціць кампенсацыі істцам на агульную суму прыкладна 1 млн еўра.

Тады, у 1989-м, Чаўшэску з жонкай і аховай збеглі з Бухарэста 22 снежня, калі стала зразумела, што задушыць паўстанне немагчыма — армія масава перайшла на бок пратэстоўцаў, яны захапілі тэлецэнтр і абвясцілі пра падзенне рэжыму. Зрынутага дыктатара з жонкай вайскоўцы затрымалі ў Тыргавіштэ, там жа прайшоў ваенны трыбунал і ўжо 25 снежня Нікалае і Алена Чаўшэску былі расстраляныя.

Румыния: (НЕ)бархатная революция 30 лет спустя
Міністэрства ўнутраных спраў. Да 1989 года ў гэтым будынку была размешчана штаб-кватэра Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Румыніі / Кацярына АЛЯКСАНДР / Ziarul de Gardă

Пасля ўцёкаў Нікалае Чаўшэску ўлада перайшла да новай палітычнай структуры — Рады Фронту нацыянальнага выратавання, якая ўтварылася ў асноўным з другога эшалона Камуністычнай партыі. Фронт узначаліў Іон Іліеску, будучы прэзідэнт Румыніі.

"Вядома ж, Чаўшэску не павінен быў памерці, ён павінен быў сказаць, хто гэтыя падонкі. Яны забілі яго якраз для таго, каб ён не змог гэтага сказаць", — упэўнены Георге Станчу.

Тэадор Мэрыеш, удзельнік рэвалюцыі і старшыня Асацыяцыі "21 снежня 1989 года", лічыць, што "ідэалы рэвалюцыі былі выкрадзены", а Румынія заставалася прасавецкай аж да 1996 года.

"Кіраўніцтва ў Бухарэсце было прасавецкае да 1996 года. Толькі пасля гэтага былі зроблены змены. Упершыню за апошнія 80 гадоў у нас з'явіўся ліберальны ўрад. Паглядзім, ён іншага колеру, але — галоўнае — ён не прасавецкі", — сцвярджае Мэрыеш.

"Гэта сетка карупцыі, якая захапіла Румынію пасля 1989 года"

Іону Іліеску, што ўзначальваў падчас рэвалюцыі Фронт нацыянальнага выратавання, прад'явілі афіцыйныя абвінавачванні ў злачынствах супраць чалавечнасці. Па заключэнні пракуратуры, падтрыманыя тады Іліеску ваенныя захады спрыялі гвалту ўжо пасля скідання дыктатара Нікалае Чаўшэску.

Крымінальная справа пад назвай "Снежаньская рэвалюцыя 1989 года" стала самым зацяжным расследаваннем у гісторыі Румыніі.

Першая спроба прыцягнуць Іліеску да адказу адбылася ў 2004 годзе, але тады Канстытуцыйны Суд прызнаў гэтае рашэнне неканстытуцыйным. У тым жа 2004 годзе Тэадор Мэрыеш і адвакат Антоніе Папеску падалі першую скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Яны патрабавалі асуджэння румынскіх уладаў за зацягванне справы і пазбаўленне пацярпелых справядлівага суда. ЕСПЧ устаў на бок пацярпелых і запатрабаваў ад уладаў Румыніі аднавіць расследаванне пра падзеі 1989 года. У 2016-м справу супраць Іона Іліеску аднавілі. У красавіку гэтага года яна была перададзена ў суд. Паводле Крымінальнага кодэкса Румыніі, "злачынствы супраць чалавечнасці" караюцца турэмным зняволеннем на тэрмін ад 15 да 25 гадоў альбо пажыццёвым зняволеннем.

Пасля Снежаньскай рэвалюцыі палітычнае аблічча Румыніі змянілася — у краіне ўсталявалася дэмакратыя, у 2004 годзе яна стала сябрам НАТА, а ў 2007-м членам ЕС.

Румыния: (НЕ)бархатная революция 30 лет спустя
Бухарэст, Румынія, 2019 год / Кацярына АЛЯКСАНДР / Ziarul de Gardă

Тым не менш многія ўнутраныя праблемы да гэтага часу не вырашаныя. Віной таму — у тым ліку незавершаная справа аб рэвалюцыі, лічыць адвакат Антоніе Папеску.

"Гэта сетка карупцыі і арганізаванай злачыннасці, якая захапіла Румынію пасля 1989 года, яна затармазіла развіццё краіны, сплялася ў прытулак для злачынстваў, — кажа Папеску. — У цэнтры карупцыйных скандалаў сёння знаходзяцца тыя ж персанажы, якія звязаныя з палітыкай і злачынствамі ў той крымінальны перыяд".

Яшчэ ў 90-х у Румыніі людзі выходзілі на дзясяткі пратэстаў. Адзін з самых значных — Галаніяда (рум. Golaniada) — акцыя грамадзянскага непадпарадкавання, якую пачалі студэнты і выкладчыкі Бухарэсцкага ўніверсітэта 22 красавіка 1990 года. Галаніяда пачалася перад выбарамі, прызначанымі на 20 мая 1990-га. Удзельнікі патрабавалі забараніць былым членам Камуністычнай партыі Румыніі ўдзельнічаць у выбарах. Колькасць маніфестантаў узрасла да 30 000.

Але з часам людзі стаміліся, хтосьці эміграваў, хтосьці — пастарэў. І толькі нямногія звярнуліся ў суд па справе аб "Снежаньскай рэвалюцыі 1989 года". Асацыяцыя "21 снежня 1989 года" і дамагаецца цяпер справядлівасці ў судзе.

Румыния: (НЕ)бархатная революция 30 лет спустя
Мемарыял Адраджэння, прысвечаны памяці ахвяр Румынскай рэвалюцыі 1989 года / Кацярына АЛЯКСАНДР / Ziarul de Gardă

Старшыня Асацыяцыі Мэрыеш кажа, што сённяшнія партыі "Фронт нацыянальнага выратавання" і "Сацыял-дэмакратычная партыя" — не што іншае, як паслядоўнікі віноўнікаў тых падзей.

Колькасць ахвяр падзей снежня 1989 года перавышае 5000 чалавек, з якіх 1118 чалавек загінулых, 3800 параненых і больш за 800 затрыманых. Удзельнікі снежаньскай рэвалюцыі лічаць, што Румынія не прыйдзе да сапраўднай свабоды і дэмакратыі, пакуль вінаватыя ва ўзброеных сутыкненнях снежня 1989 года не будуць пакараныя.

Даніэла КАЛМЫШ, Вольга БУЛАТ, Кацярына АЛЯКСАНДР


Пры падтрымцы "Медиасети"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі