Санкцыі — гэта памылка: тры аргументы Зянона Пазняка

Зянон Пазняк / Еўрарадыё
Зянон Пазняк / Еўрарадыё

Сабралі тэзісы Зянона Пазняка, у якіх ён тлумачыць прыхільнікам санкцый і іх ініцыятарам, чаму і ў чым яны памыляюцца.
 

Праз санкцыі разбураецца грамадства

“Разбураецца грамадзянская супольнасць, народ трапляе ў галечу, адбываюцца дэмаграфічныя страты. Тое, што зроблена на Беларусі, пакуль не катастрофа. Але вялікая небяспека для жыцця нацыі і незалежнасці”, — робіць выснову Пазняк падчас інтэрв’ю ў студыі Еўрарадыё.

Захад глыбока не ўнікаў у сітуацыю на Беларусі, лічыць Пазняк, таму не адчувае, што зараз на Беларусі знішчаецца нацыя.

“Яны гавораць пра дэмакратыю, пра правы чалавека, а што нішчае нацыя, што адбываецца гібрыдны генацыд народа, не бачаць. Закрываюцца беларускія школы, знішчаюцца тэатры, Саюз пісьменнікаў, Саюз журналістаў, але глыбокага разумення гэтага няма. На Захадзе не паказваюць, што адбываецца з Дзянісам Івашыным, што адбылося з Вітольдам Ашуркам. Там паказваюць, як жанчыны выйшлі з парасонамі, там гэта нагода для друку”.
 

Гэта пацверджана гісторыяй

“Калі санкцыі звязаны з патрабаваннем нейкіх перамен, адступаў, а не з патрабаваннем знішчэння ўлады, тады яны працуюць, бо вядуць да прагматычнай размовы. І такім чынам Амерыка праводзіла сваю палітыку ў адносінах з некаторымі краінамі, напраклад, з Іранам. Але калі ставіцца пытанне аб уладзе, калі ставіцца пытанне аб знішчэнні статус-кво, тады санкцыі ніколі не перамогуць. Гэта абсурдная пастаноўка пытання”, — кажа Пазняк.

Гісторыя паказвае, што бедны народ, галодны народ думае пра хлеб, а не пра свабоду, дадае палітык. Свабода вымагае зусім іншай абстаноўкі.

Ён прыводзіць да прыкладу Кубу і Паўночную Карэю. Краіны знаходзяцца ў блакадзе, а іх народ — у галечы. 

“Але ў адрозненні ад карэйскага, венесуэльскага, кубінскага рэжымаў у беларускага дыктатара ёсць выйсце. І гэта Расія”.

А гэта разам з тым яшчэ адзін аргумент Пазняка супраць санкцый.
 

“Самі ідзіце і цярпіце”

На ягоны погляд палітыкі, якія заклікаюць да санкцый, не маюць на тое і маральнага права, бо на сабе ўплыў гэтых санкцый не адчцуюць.

“Увесці санкцыі падаецца вельмі простым: спалім усё гумно разам з мышамі. Вы што! А людзі дзе? Пра каго вы думаеце? Нехта і сказаў: народ гатовы цярпець. Але слухайце: вы ж жывеце тут. Хочаце, каб тыя цярпелі — дык ідзіце і самі цярпіце”.

Палітыку санкцый Пазняк лічыць не проста няправільнай, але шкоднай.

“Народ угоняць у галечу, а рэжым застанецца. Таму што няма ніводнага прыкладу, каб такім чынам падаў дыктатар. Такім чынам ён застанецца вечным”.

Полную версию беседы смотрите на YouTube-канале Еврорадио

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі