“Сцяна Шчоткінай” увойдзе ў дакументальны фільм пра мінскі “ЖЭС-арт”
"Сцяна Шчоткінай", на якой увесь 2017 год з'яўляўся сацыяльны стрыт-арт, увойдзе ў дакументальны фільм пра мінскі "ЖЭС-арт". Рэжысёр Максім Швед здымае фільм пра Мінск, як пра галерэйную прастору, дзе аўтарамі твораў мастацтва з'яўляюцца работнікі ЖЭСаў, якія зафарбоўваюць графіці і іншы стрыт-арт:
"Фільм будзе пра тое, як гэты "фупрэматызм" з'яўляецца, хто зафарбоўвае, пра атмасферу горада і гэтых малюнкаў,— тлумачыць рэжысёр Максім Швед. — Акрамя гэтага, мы здымаем, як у межах пленэру Захар Кудзін капіюе на палатно створаныя на сценах Мінска камунальнымі службамі “творы ЖЭС-арта”, а пасля робіць з іх выставу".
ЖЭС-арт — вынік барацьбы камунальнікаў з тэгамі, надпісамі і малюнкамі, калі іх зафарбоўваюць рознакаляровымі прамавугольнікамі. Гэта адзін з сімвалаў цэнзуры грамадскай прасторы. У сучасным беларускім мастацтве ён таксама вядомы як "фупрэматызм". Гэтая з'ява ўжо даўно прыцягвае ўвагу культуролагаў, гарадскіх даследчыкаў, прафесійных фатографаў і дакументалістаў. Пра "ЖЭС-арт" робяць выставы, пішуць аналітычныя артыкулы, робяць фотапраекты.
"Заўтра, 9 лістапада, будзе адкрыццё выставы Захара Кудзіна "Адкрытае палатно" у прасторы ОК16 на вуліцы Кастрычніцкай, — працягвае рэжысёр Максім Швед. — Гэтая выстава таксама ўвойдзе ў наш фільм, будзе яе натуральным працягам. На выставу ўваход вольны".
"Сцяна Шчоткінай" стала “міраточыць” на пачатку 2017 года. Спачатку на ёй з’явіўся партрэт тагачаснага міністра працы Марыяны Шчоткінай з надпісам “Гэта я прыдумала падатак на беспрацоўе” (адсюль і “сцяна Шчоткінай”). Пасля на ёй з’яўляліся і іншыя графіці, але ўсе яны знішчаліся супрацоўнікамі ЖЭС.