Севярын: Калі альтэрнатыўных кандыдатаў шмат — гэта тое ж, што і ніводнага
У эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё былы спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, экс-прэзідэнт ПА АБСЕ Адрыян Севярын расказаў, чаму без наша
Адрыян Севярын — вядомы палітык і эксперт з вялізным досведам
працы ў самых розных міжнародных арганізацыях. У 2004-2007 гадах ён быў
Спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Румынскі палітык таксама быў дэпутатам ПАСЕ, займаў пасаду старшыні
Спецыяльнай працоўнай групы па Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ,
быў прэзідэнтам і ганаровым прэзідэнтам ПА АБСЕ.
Цяпер Адрыян Севярын
— адзін з найбольш уплывовых дэпутатаў Еўрапейскага парламента,
віцэ-старшыня другой па велічыні палітычнай групы — Альянсу сацыялістаў і
дэмакратаў.
Спадар Севярын, якая пазіцыя Групы сацыялістаў і дэмакратаў па Парламенцкай асамблеі Еўранэст і ўдзелу Беларусі ў ёй?
Еўранэст
не планаваўся як орган для абмеркавання правоў чалавека, ён ствараўся
як палітычная пляцоўка для дыялогу Еўрасаюза з усходнімі суседзямі. І
адной з прычын для стварэння Еўранэста была акурат Беларусь! Бо яна не
ўдзельнічае ні ў якіх іншых падобных органах. А калі Еўранэст ствараўся ў
тым ліку спецыяльна для Беларусі, то мы не можам пакінуць Беларусь
звонку: тады губляецца сэнс існавання Еўранэста.
Гэта значыць, што Група сацыялістаў і дэмакратаў выступае за ўдзел у Еўранэсце дэпутатаў парламента?
Я
лічу, што трэба зыходзіць з рэальнага становішча. А рэчаіснасць такая:
Беларусь мае свой парламенцкі орган, абраны на аснове іншых, не
еўрапейскіх стандартаў. Гэтыя абставіны мы не абавязкова паважаем, але
мусім паспрабаваць працаваць разам, знайсці супольныя інтарэсы.
Сапраўды,
Беларусь — гэта асобны выпадак. Яна мае адрозную ад краін Еўрасаюза
палітычную сістэму. Пытанне: "Ці могуць розныя палітычныя сістэмы мець
агульны інтарэс?". Я лічу, што адказ: "Так!". Разам з тым мы за тое, каб
у Еўранэсце была прадстаўленая апазіцыя і грамадзянская супольнасць.
Чаму
беларускія ўлады не спяшаюцца адмяняць смяротнае пакаранне альбо,
прынамсі, ўвесці мараторый на яго, каб здабыць гасцявы статус у ПАСЕ?
Думаю,
гэта інертнасць мыслення кіраўніцтва краіны, проста кансерватыўны
рэфлекс. Зрэшты, ён ёсць і ў ЗША, якія таксама не адмяняюць смяротнае
пакаранне.
Савет Еўропы — абаронца правоў чалавека, стандартаў
дэмакратыі і вяршэнства права ў Еўропе. І калі ПАСЕ просіць адмяніць
смяротную кару, гэта мае сэнс, бо Беларусь хоча ўвайсці ў арганізацыю.
Нельга стаць сябрам клуба, не прымаючы яго правілаў.
25
кастрычніка Савет ЕС падоўжыў і адначасова замарозіў санкцыі ў дачыненні
да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Наколькі санкцыі — эфектыўны
інструмент у адносінах з Беларуссю?
Відавочна, што санкцыі не
спрацавалі. Мы, натуральна, можам пакінуць іх, разлічваючы, што час
вырашыць праблемы. Але і час можа не даць рады. Калі ціск аказаўся
неэфектыўным, то мусім знайсці іншы падыход. Не прыбіраць прэсінг
дазвання, але і не адмаўляць, што могуць быць іншыя шляхі для дасягнення
мэты. А мэта — гэта свабоднае беларускае грамадства з пашанай правоў
чалавека.
Якая пазіцыя Групы сацыялістаў і дэмакратаў да макраэканамічнай падтрымкі Беларусі еўрапейскімі крэдытнымі інструментамі?
Чаму
мы абмяжоўваем праграмы развіцця для Беларусі? Мяркуецца, што
кіраўніцтва Беларусі не зможа само забяспечыць грамадству неабходнае
развіццё ды прыме нашыя ўмовы ў абмен на грошы.
Але санкцыі і
адмова ад эканамічнай падтрымкі не прынеслі палітычных зменаў у
Беларусі. Значыць, трэба абраць больш разумны падыход. Не варта бясконца
грукаць у зачыненыя дзверы — неабходна знайсці іншы шлях, як зайсці ў
дом.
Эканамічнае развіццё спрыяе большай бяспецы і стабільнасці ў
краіне, а гэта робіць больш спрыяльнай сітуацыю для развіцця дэмакратыі
і свабод. І наадварот: меней бяспекі спрыяе большаму абмежаванню правоў
і свабод ды дэмакратыі. Мы мусім паспрабаваць дапамагчы краіне ў
развіцці. І тады больш бяспечная эканамічная сітуацыя можа паспрыяць
развіццю свабод і дэмакратыі.
Наколькі гэтыя прэзідэнцкія выбары — вялікі выклік Лукашэнку?
Дзейны
кіраўнік краіны, якая не знаходзіцца ў страшным сацыяльным і
эканамічным крызісе, з дзясяткам апанентаў, не мусіць мець вялікіх
цяжкасцяў, каб перамагчы. Важна мець на ўвазе, што калі апазіцыя з
вялікай літары "А" не можа вылучыць адзінай альтэрнатывы, і грамадства
не знаходзіцца ў вялікім адчаі, не мае нязноснага жыцця, то ў такім
выпадку выбарцы могуць схіліцца да status quo. Я б сказаў, што гэта —
прапісная ісціна.
Як аб'ектыўны назіральнік па-за межамі Беларусі
я лічу, што краіне патрэбныя змены, ёй патрэбнае хутчэйшае развіццё.
Але ўявім сабе, што я — грамадзянін Беларусі, які жыве ў краіне. Умовы
жыцця ў мяне не выдатныя, але і не жахлівыя. У такой сітуацыі мне,
мажліва, было б цяжка зрабіць выбар з дзясятка кандыдатаў. І ў сумневах я
б мог падумаць, што не варта рызыкаваць тым, што ўжо маю.
Апазіцыя
раз'яднаная, і яна сама адказная за гэта — мы ж можам толькі раіць.
Дата выбараў усё бліжэй, і я не ведаю, ці дастаткова застаецца часу
апазіцыі стварыць рэальную аб'яднаную альтэрнатыву. Я лічу, што яна
патрэбная — каб грамадзяне мелі выбар. Калі альтэрнатывы няма, гэта
кепска. Кепска і тады, калі іх вельмі шмат. Вельмі шмат — гэта
эквівалент ніводнай. Таму беларуская палітычная эліта павінна вырашыць,
хоча яна даць выбар беларускім грамадзянам ці не.