Севярынец: Няма такіх слоў, каб апісаць, што адбываецца ў апазіцыі

17 лістапада грымнуў скандал — частка апазіцыянераў фактычна ставіць ультыматум Анатолю Лябедзьку. Альбо далучаешся да нас і праводзім Кангрэс па выбарах адзінага кандыдата, альбо Кангрэс пройдзе без кандыдата ад АГП. Лябедзька вінаваціць партнёраў у зрыве дамоўленасцяў. Еўрарадыё запрашае ў студыю усіх герояў гісторыі, каб высветліць, чыя праўда. Гэтым разам у нас у гасцях пабываў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.

Еўрарадыё: Чацвёра ўдзельнікаў кансультацый па падрыхтоўцы да Кангрэса дэмсіл на прэс-канферэнцыі паведамілі пра папярэдні вынік — пагадненне наконт правядзення Кангрэсу падпісалі 5 з 7 структур-удзельніц кансультацый. Вас, я так разумею, гэтыя чацвёра падманулі — была дамоўленасць не казаць пра гэта да 1 снежня?

Павел Севярынец: Была такая дамоўленасць, каб быў час падумаць для Аб’яднанай грамадзянскай партыі і “Справядлівага свету”. Таму, на мой погляд, калегі паспяшаліся.

Еўрарадыё: А вось Андрэй Дзмітрыеў сцвярджае, што канкрэтнай дамоўленасці не было — было такое пажаданне, якое чацвёрка вырашыла праігнараваць…

Павел Севярынец: Можа, трэба фіксаваць на паперы ўсё, што прамоўлена і на што ўсе згодна паківалі галавой, але тады трэба будзе сакратарыят пры нарадзе апазіцыі адчыняць. На самой справе, была дамоўленасць, што гэта не публікуецца і з гэтым усе пагадзіліся: “Вядома, пакуль няма канчатковага выніку”. Працэдура запускаецца і, адпаведна, апублічваецца толькі тады, калі 1 снежня да працэдуры далучаюцца альбо АГП, альбо “Справядлівы свет”, альбо яны разам, што было б найбольш пажадана. Нягледзячы на тое, што гэтая прэс-канферэнцыя была заўчаснай і месцамі нашкодзіла працэсу, але працэс гэты ідзе, і ёсць спадзяванне, што 1 снежня перамелецца, і мука будзе.

Еўрарадыё: А вось у мяне пасля размовы з Лябедзькам і Дзмітрыевым такога спадзявання мала: адзін упарта кажа: “Назавіце імя — падпішу вашу паперу!”, другі: “Падпісвай — скажам імя!”. І ніхто саступаць не хоча. Так можа і не толькі да 1 снежня цягнуцца.

Павел Севярынец: Можа. Але я спадзяюся, што здаровы сэнс і адказнасць перамогуць. Пытанне не ў тым, абярэ адзінага кандыдата Лябедзька, Дзмітрыеў ці Севярынец. Пытанне павінна стаяць так, як яно рубам ставілася падчас стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі: “На сход, на вялікі сход па Бацькаўшчыну”. Ёсць Кангрэс, тысяча чалавек абіраюць не толькі адзінага, а яшчэ і спосаб, якім гэтаму адзінаму дзейнічаць. Абярэ Кангрэс, што трэба байкатаваць гэты фарс, а выбараў у нас няма — значыць байкот, ніхто нікуды не ідзе і не вылучаецца. Абяруць абумоўлены ўдзел і зняцце — значыцца так і будзе. Прагаласуе тысяча чалавек за Статкевіча як адзінага кандыдата ці Статкевіча і яго дублёра — значыць, так таму і быць. Бо сем месяцаў перамоў яскрава паказалі: дамоваздольнасць у беларускай апазіцыі, па меншай меры, ў кіраўнікоў партый — вельмі нізкая і браць у свае рукі ўсё трэба народу. А для гэтага трэба не шмат: два подпісы і перастаць падколваць адзін аднаго ў прэсе.

Еўрарадыё: Патлумачце, сапраўды ёсць папера, дзе прапісана, што называць прозвішча кандыдата на адзінага ад “Народнага рэферэндуму” Дзмітрыеў не можа да таго часу, пакуль Лябедзька не падпіша пагадненне аб правядзенні Кангрэсу дэмсіл? І пайсці насуперак гэтаму дакументу нібыта немагчыма?

Павел Севярынец: У рэальнасці працэдура даволі дэтальна прапісвае вось гэты трыумф дэмакратыі. Таму, калі працэдура дае нам выхад на Кангрэс, то давайце мы дадзім магчымасць сабрацца гэтаму Кангрэсу. Дэлегуем яму паўнамоцтвы, якімі мы, кіраўнікі дэмсіл распараджаемся так няўдала, што сем месяцаў дамовіцца паміж сабой не можам, і — наперад!

Еўрарадыё: Гэта азначае, што хоць працэдура, на якую спасылаецца Дзмітрыеў, і ёсць, але ў пэўных умовах яе нельга прымаць за перашкоду і імя можна было б назваць. Іншая справа, ці ёсць ім каго называць?

Павел Севярынец: У рэальнасці гучала шмат прозвішчаў: і Някляеў, і Мілінкевіч, і Лагвінец — на Сойме БНФ гучалі яшчэ прозвішчы. Таму, па вялікім рахунку, я не думаю, што там усё так кепска і няма каго вылучаць. Але, можа, проста няма нейкага апошняга штуршка, каб вызначыцца? Усе стаяць колам перад пытаннямі: “Украіна, Плошча, лютасць рэжыму, 2015 года, а што потым? Еўропа, якая дамаўляецца цяпер з рэжымам”… Пытанняў сапраўды шмат. І ўсе падштурхоўваюць адзін аднаго: “Давай, выходзь!” Добра, баіцеся паасобку — збіраем Кангрэс. І ён кажа: альбо байкот, альбо — такі кандыдат і давай, ідзі рабі тое і тое. Усё тут вельмі проста. Я ўсё зводжу да Кангрэса: ёсць Кангрэс — ёсць стратэгія, ёсць кандыдат, ёсць адказнасць. І гэтая адказнасць персаніфікуецца ў адным чалавеку. Бо цяпер пакуль трыумфуе безадказнасць. Гэта і заўчасныя прэс-канферэнцыі, і пікіроўкі ў прэсе. Адказнасць палягала б у тым: можам дамовіцца — дамовіліся, не можам — перадалі паўнамоцтвы і пайшлі далей!

Еўрарадыё: Тым не менш, адзіны, хто падняў руку і пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасць — Лябедзька. Больш ніхто гэтак жа катэгарычна пра свой намер стаць адзіным не заявіў. Можа, і сапраўды, ён рэальны адзіны?

Павел Севярынец: Сапраўды, Лябедзька даўно пра гэта заявіў і ён адзіны, хто пастаянна гэта сцвярджае. Але не думаю, што гэта прычына для таго, каб усім разам зараз брацца на яго працаваць. Мы ўсе разумеем, што так не будзе. Калі нават высветліцца, што апроч Лябедзькі няма нікога, жадаючага ўлазіць у гэтую плойму праблем, то ўсё роўна, каб праводзіць кампанію неабходны Кангрэс, легітымізацыя гэтага выбару ў вачах беларусаў. Бо паглядзіце на каментарыі пад навінамі адносна падзей 17 лістапада: усе плююцца проста — такія адносіны народа да палітычных лідараў. Значыцца, трэба беларускаму народу збірацца і казаць: “Няма нікога акрамя Лябедзькі — добра! Лябедзька, мы табе даручаем: вызваліць з турмы Статкевіча, правесці байкот і перамагчы цмока. Мы табе гатовыя дапамагчы сабраць подпісы, выйсці на Плошчу, гатовыя, калі ты здымешся, патрабаваць новых свабодных выбараў ці гатовыя разносіць улёткі з заклікам да актыўнага байкоту”. Усё!

Еўрарадыё: Фраза Дзмітрыева пра Лябедзьку ў інтэрв’ю Еўрарадыё: “Вельмі хочацца паўдзельнічаць, але не кандыдатам і так, каб паказаць, што ў гэтым не ты вінаваты”. У вас ёсць такое адчуванне?

Павел Севярынец: Даведацца, ці давяраеш ты чалавеку, можна толькі адным спосабам — давяраць яму. Давайце даверым Лябедзьку падпісацца і пайсці. Можна праверыць. Будзе аднеквацца і ўпарціцца — ну, знойдзе Кангрэс сярод сябе тых, каго вылучыць. Альбо абвесціць усеагульны байкот.

Еўрарадыё: Але ж падпісваць ён не хоча — дай яму імя кандыдата ад “Народнага рэферэндуму” і ўсё!

Павел Севярынец: Я вельмі спадзяюся, што і Лябедзька, і Калякін, абмеркаваўшы гэтую сітуацыю ў структурах, да 1 снежня вызначыцца. Давайце пачакаем.

Еўрарадыё: А што за такі важны дзень — 1 снежня?

Павел Севярынец: Высвятлялі паміж прадстаўнікамі ўсіх сіл, калі яны могуць быць на чарговай сустрэчы, і бліжэйшы такі дзень — 1 снежня. Па-другое, у левых, задаецца, 30 лістапада будзе Пленум, у БХД будзе Нацыянальная рада 29 лістапада і ў АГП два тыдні на тое, каб вызначыцца. Два тыдні нармальна для таго, каб новую сітуацыю асэнсаваць: ёсць подпісы, ёсць варыянт працэдуры.

Еўрарадыё: Вярнуся да панядзелкавай прэс-канферэнцыі: як так атрымалася, што вам пра яе не сказалі і на яе не паклікалі?

Павел Севярынец: Мне, пасля таго, як Калякін і Карняеенка з АГП сышлі з сустрэчы, сказалі, што будзе прэс-канферэнцыя і прапанавалі праехаць на яе. Я сказаў, што мы пра гэта не дамаўляліся. Да таго ж, я не ведаў, што на ёй прагучыць. І там прагучала несапраўдная інфармацыя адносна моманту рэалізацыі працэдуры: маўляў, пяць арганізацый дамовіліся, што Кангрэс пройдзе, і далучацца да падпісантаў АГП і “Справядлівы свет”, ці не далучацца — Кангрэс пройдзе і так. Не, такой дамовы не было! Дамовіліся, што толькі калі 6 з 7 галасуюць за працэдуру, тады яна запускаецца. Да ўсяго, мы чорным па белым прапісалі дату меркаванага правядзення Кангрэсу — 28 сакавіка. А не травень і не красавік, як гэта гучала на прэс-канферэнцыі. Але крыўда крыўдай: важныя не эмоцыі, а вынік. Калі будзе Кангрэс і адзіны, то буду лічыць сваю місію выкананай, калі не — значыць не справіўся.

Еўрарадыё: Калякіну і Карняенку сказалі на сустрэчы ў панядзелак: “Падпісвайце, інакш у нас тут прэс-канферэнцыя запланаваная і ўсе даведаюцца, што вы тармозіце працэс”?

Павел Севярынец: Была пакладзеная папера, было сказана: “калі пяцёра за такую працэдуру — давайце мы падпішам гэта”. Калякін і Карняенка дачакаліся, пакуль усе падпішуць, атрымалі на рукі дакументы і пайшлі. А тое, што далей было, запрашэнне на прэс-канферэнцыю, было нечаканым і не вельмі правільным.

Еўрарадыё: Выглядае, што толькі гэтыя чацвёра загадзя ведалі пра прэс-канферэнцыю?

Павел Севярынец: Ну, чацвёра дакладна ведалі. Тое, што не ведаў я — я гатовы цярпець яшчэ і не такія рэчы для таго, каб быў вынік.

Еўрарадыё: На нармальнай мове гэта называецца “падставай”…

Павел Севярынец: Так, у простым асяродку хлопцаў гэта называецца падставай. Але каб апісаць тое, што адбываецца ў беларускай апазіцыі — такіх слоў у беларускай мове няма. Калі 7 (!) месяцаў людзі не могуць дамовіцца нават пра працэдуру, па якой выберуць адзінага, то гэта ганебна. Гэта безадказна мінімум, разумееце. І тут залазіш у гэтую безадказнасць, закасваеш рукавы, разумееш, што вылезеш адтуль перапэцканы, дастанецца ў спіну ад сваіх, ад правых, ад левых, ад каментатараў, ад прэсы. Але ты мусіш гэта зрабіць. Гэта як з сантэхнікам і гаечным ключом у анекдоце.

Еўрарадыё: Прыйшло 1 снежня, а ніводнага з двух подпісаў няма — што далей?

Павел Севярынец: У адпаведнасці з пазіцыяй БХД у такім выпадку працэдура не запускаецца. І тады трэба збіраць агульную сустрэчу, рабіць прэс-канферэнцыю і каяцца перад беларускім народам, што не атрымалася. Калі ж не пойдуць на яе ўсе, то прыйду я адзін і ўсё распавяду ды папрашу прабачэння ў беларускага народа.

Еўрарадыё: Ну, пакаяўся Павел Севярынец, мы яго прабачылі, але што нас чакае ў 2015 годзе ў такім выпадку?

Павел Севярынец: Далей усё складана… Можа быць актыўны байкот пры наяўнасці вялікіх рэпрэсій, можа быць кандыдатура Статкевіча, можа быць нейкая паралельная кампанія, якая будзе проста выкарыстоўваць тую палітычную актывізацыю, якая адбываецца падчас выбарчага спектаклю. Але ўсе гэтыя варыянты будуць вельмі цяжкімі і з мізэрнымі шансамі на паспяховасць. Калі будзе адзіны, які праводзіць адзіную стратэгію, якой бы яна ні была, вось тады нармальныя шансы ў беларускай дэмакратыі ёсць — правесці кампанію, згуртаваць людзей. Глядзіце, ва Украіне не хапіла сіл адной дзяржавы, каб спыніць расійскую агрэсію. А ў нас грамадская супольнасць і дэмакратычныя сілы на парадак слабейшыя. Калі заўтра вайна, а ў беларусаў няма нават адзінага голасу, а нейкі разнабой шэптаў, то мы проста прападзем. Таму, я спадзяюся, што хопіць адказнасці, мудрасці, мужнасці сабраць Кангрэс і выбраць адну стратэгію.

Еўрарадыё: Калі свой подпіс ставіць Калякін, то Лябедзька вымушаны будзе далучыцца да ўдзелу ў далейшым працэсе нават насуперак свайму жаданню?

Павел Севярынец: Пажадана, каб падпісалі ўсе сем. Бо калі падпішуць шасцёра, а не падпіша Лябедзька, то я проста баюся, што Лябедзька застанецца ў становішчы кандыдата, які даганяе адзінага ці спрачаецца з тым самым адзіным. Я думаю, што ў інтарэсах Лябедзькі, інтарэсах Калякіна, у інтарэсах усіх сямі структур гэтага адзінага выбраць.

Еўрарадыё: Так што, сядзім і чакаем 1 снежня? Ці вы ўжо паспелі пагаварыць з непадпісантамі?

Павел Севярынец: Я паспеў перамовіцца і з аднымі, і з другімі пасля гэтага, але дэталі, прабачце мяне, гэтым разам апублічваць не буду, прэс-канферэнцыю праводзіць не буду — перамовы любяць цішыню. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі