Шаблі запрашаюць на вечар беларускіх танцаў ад Ігната Буйніцкага

17 жніўня на хутары “Шаблі” адбудзецца танцавальнае святкаванне дня нараджэння  Ігната Буйніцкага — стваральніка першага беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра.


“Да нас з’едуцца танцавальныя калектывы ды аматары тых танцаў, якія існавалі на мяжы 19-20 стагоддзяў на Беларусі, — распавядае арганізатар Андрэй Жураўскі. — Галоўным на свяце будзе вядомы фальклорны калектыў “Верабейкі” любанскага раёну пад кіраўніцтвам Сяргея Выскваркі. Падчас фестывалю пройдуць майстар класы, дзе кожны жадаючы здолее навучыцца беларускаму танцу. А закрые ўсё вялікая танцавальная вечарына”.


Першапачаткова планавалася правесці фестываль у вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна — радзіме знакамітага рэжысёра ды калекцыянера беларускіх танцаў. Але арганізатары так і не здолелі знайсці паразумення з мясцовай адміністрацыяй і за тыдзень да мерапрыемства былі вымушаныя яго перанесці ў "Шаблі".


Фестываль “У госці да дзядзькі Ігната” пачнецца ў 15:00. Уваход вольны. Жадаючым застацца на ноч варта мець усе неабходныя турыстычныя рэчы (намёт, спальнік і г.д.). Арганізатары просяць гасцей мерапрыемства па магчымасці апранацца ў нацыянальныя беларускія строі.


Ігнат Буйніцкі нарадзіўся 22 жніўня 1861 у сядзібе Палівачы, цяпер Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Акцёрскую адукацыю атрымаў у прыватнай драматычнай студыі ў Вільні. Уласную тэатральную дзейнасць Буйніцкі пачаў з правядзення беларускіх вечарынак у сваім маёнтку. У 1907 годзе ён стварыў аматарскі калектыў, асаблівасцю выступаў якога было тое, што са сцэны гучала беларуская мова, выконваліся знаёмыя простым людзям народныя танцы. Калектыў Ігната Буйніцкага паступова набываў папулярнасць, і ў 1910—1913 гадах трупа пачала ездзіць з гастролямі і за межы Беларусі. Выступы будаваліся арыгінальна: спачатку чыталіся вершы, пасля ішоў уласна спектакль, затым хор выконваў народныя беларускія песні, а ў фінале на сцэне з'яўляліся танцоры. Ігнат Буйніцкі сам ставіў п'есы, а часта і граў у іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі