Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі

Лепшыя людзі краіны

Лепшыя людзі краіны / @rubanau_collage

10 ліпеня спаўняецца 30 гадоў з моманту другога, вырашальнага туру першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Менавіта праз перамогу ў іх канфліктны нардэп і дырэктар саўгаса “Гарадзец” Аляксандр Лукашэнка змог пачаць будаўніцтва свайго аўтарытарнага рэжыму. 

За гэты час дзясяткі кандыдатаў законным чынам спрабавалі аспрэчыць усеўладнасць аўтакрата ў выбарах — і ўсе беспаспяхова. 

Еўрарадыё ўзгадвае, як склаўся лёс бліжэйшых канкурэнтаў Лукашэнкі, якія бліжэй за астатніх наблізіліся да крэсла галоўнага кіраўніка рэспублікі.

Вячаслаў Кебіч, 1994 год

На першых і апошніх сумленных прэзідэнцкіх выбарах у гісторыі Беларусі была немалая верагоднасць, што прэзідэнцкае крэсла зойме Вячаслаў Кебіч. На той момант ён быў старшынёй Савету міністраў (сённяшні аналаг прэм’ер-міністра), прадстаўніком вышэйшай наменклатуры БССР. 

У Кебіча былі шырокія сувязі ў дзяржапараце (тое, што цяпер называюць адмінрэсурсам) і істотная падтрымка з боку Масквы, бо ён прытрымліваўся прарасійскай лініі. І не толькі з палітычнай прагматыкі, але і з уласнага светапогляду.

Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі
Вячаслаў Кебіч / Аляксандр Васюковіч / Tut.by

Але ў супрацьстаянні з харызматычным папулістам патэнцыял Кебіча не спрацаваў. У першым туры ён набраў толькі 17,33% галасоў выбаршчыкаў, а ў другім  абваліўся яшчэ ніжэй — да 14,7% галасоў. У сваю чаргу Лукашэнка атрымаў сваю першую ў гісторыі элегантную перамогу ў 80,34% галасоў. 

Пасля паразы на выбарах Кебіч застаўся ў палітыцы. У 1996 годзе ён прызнаў рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі, дзякуючы якому значна пашырыліся правы прэзідэнта, а тэрмін знаходжання Лукашэнкі на пасадзе “абнуліўся”. З таго ж года былы наменклатуршчык стаў дэпутатам новага органа заканадаўчай улады — Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у якім прабыў два скліканні — да восені 2004 года.

Пасля гэтага ён сышоў на пенсію, адкуль расказваў, чаму беларусы павінны любіць Расію і чаму альтэрнатывы Лукашэнку на выбарах не існуе. Памёр ад наступстваў каранавіруса ўзімку 2020 года.

Уладзімір Ганчарык, 2001 год

На другіх выбарах, якія пасля канстытуцыйнага рэферэндуму былі перанесеныя з 1999 на 2001 год, дэмакратычная апазіцыя выставіла адзінага кандыдата. Ім стаў Уладзімір Ганчарык — камуніст, экс-дэпутат Вярхоўнага савета, лідар беларускіх прафсаюзаў. 

Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі
Уладзімір Ганчарык / "Белсат"

Спярша Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў чацвярых кандыдатаў у прэзідэнты, але незадоўга да выбараў адзін з іх, Сямён Домаш, зняўся на карысць Ганчарыка. Пазней шмат хто называў гэта памылкай апазіцыі. Маўляў, калі б адзіным застаўся менавіта энергічны і маладзейшы Домаш, выбары маглі б прайсці па-іншаму.

Падчас выбарчай кампаніі ў штабах апазіцыйных кандыдатаў праходзілі ператрусы і канфіскацыя тэхнікі, за ўдзел у ініцыятыўных групах кандыдатаў звальнялі з працы ці выключалі з універсітэтаў — амаль гэтак жа, як сёння. Але пры гэтым дваіх кандыдатаў ад апазіцыі — Домаша і Ганчарыка — не пасадзілі ў СІЗА і не судзілі ні да, ні пасля выбараў.

Навязаць сваю гульню ва ўжо цалкам падпарадкаванай Лукашэнку сістэме ў былога апаратчыка не атрымалася. Паводле афіцыйных дадзеных, Ганчарык набраў 15,65% галасоў і такім чынам прайграў Лукашэнку, які набраў 75,65% галасоў выбаршчыкаў.

Пасля той кампаніі палітык адышоў ад актыўнай дзейнасці і пачаў жыць, як звычайны пенсіянер. З даходам, як ён расказваў The Village Belarus у 2022 годзе, “далёка не ў тысячу рублёў”. Час ад часу ён каментаваў незалежным СМІ электаральныя кампаніі і палітычныя падзеі.

Аляксандр Мілінкевіч, 2006 год

Асноўным супернікам Лукашэнкі ў сярэдзіне нулявых стаў прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі — Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык і гарадскі менеджар. 

Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі
Аляксандр Мілінкевіч / Euroradio

У 1990-я ён быў кіраўніком гарвыканкама ў Гродне, дзе нарадзіўся і жыў. Займаўся пытаннямі адукацыі, медыцыны, адраджэння беларускай культуры і мовы.

Па афіцыйных дадзеных Цэнтрвыбаркама Мілінкевіч атрымаў усяго 6,12% галасоў выбаршчыкаў. Параза не спыніла палітыка — адразу пасля публікацыі вынікаў ён арганізаваў масавы мітынг на Кастрычніцкай плошчы, у якім удзельнічала да 30 тысяч чалавек. Ён увайшоў у гісторыю як “Васільковая”, ці “Джынсавая рэвалюцыя”.

Пасля мітынга на Кастрычніцкай плошчы паўстала намётавае мястэчка. Але праз тыдзень яго ліквідаваў АМАП, а падчас разгону мітынга з гэтай нагоды быў затрыманы іншы супернік Лукашэнкі — рэктар БДУ Аляксандр Казулін

Тады Мілінкевіч узначаліў “Рух “За свабоду”. Ён вылучаў сваю кандыдатуру на выбарах 2010 года (зняўся на карысць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва), спрабаваў трапіць у парламент у 2012 годзе, разглядаў магчымасць балатавацца на выбарах 2015 года, але ў выніку адмовіўся.

Пасля палітычнага крызісу 2020 года асудзіў гвалт з боку сілавікоў. У верасні 2022 года прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.

Андрэй Саннікаў, 2010 год

Прэзідэнцкія выбары 2010 году запомніліся каласальнай колькасцю кандыдатаў — на галоўную пасаду прэтэндавала аж дзевяць чалавек. 

Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі
Андрэй Саннікаў / "Хартыя 97"

Згодна з афіцыйнымі вынікамі, найбольшую падтрымку з усіх апазіцыянераў атрымаў экс-дыпламат і кіраўнік арганізацыі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў. Па версіі Цэнтрвыбаркама, ён атрымаў 2,43% галасоў. 

Як і ў 2006 годзе, выбары 2010 году выліліся ў вялікі пратэстны мітынг. Правакатары пабілі шкляныя дзверы ў Доме ўрада. АМАП скарыстаўся гэтым, каб затрымаць блізу 800 чалавек. Сярод іх былі і кандыдаты ў прэзідэнты, як Уладзімір Някляеў, і ўдзельнікі іх каманд. 

Не абмінуў гэты лёс і Саннікава, і яго жонку Ірыну Халіп. Іх арыштавалі ўночы з 19 на 20 снежня 2010 года, адразу пасля падаўлення акцыі пратэсту. Кандыдату ў прэзідэнты тады зламалі нагу. А ў жніўні 2011 года яму прысудзілі 5 гадоў калоніі. 

За кратамі Саннікаў прабыў да вясны 2012 года. Тады праз дамову з Еўрасаюзам Лукашэнка яго памілаваў. Былы дыпламат з’ехаў у Вялікабрытанію, дзе атрымаў палітычны прытулак.

Палітык гучна вярнуўся ў публічную прастору ў сакавіку 2021 года, калі апублікаваў у Фэйсбуку фотаздымак талеркі катлет. Гэта адбылося ў дзень, калі Святлана Ціханоўская (у той час лукашэнкаўская прапаганда называла яе катлетніцай) запусціла ініцыятыву па зборы подпісаў за мірныя перамовы з уладалі. Пасля крытыкі ў свой адрас Саннікаў пост выдаліў і потым не аднойчы адмаўляў, што зрабіў яго наўмысна.

Палітык працягвае сістэмна крытыкаваць як Лукашэнку, так і новую генерацыю дэмсілаў у эміграцыі. Апошнім часам актыўнасць Саннікава пралягае ў рэчышчы культуры — год таму ён выдаў кулінарную кнігу пра турэмную кухню розных краін, а таксама ездзіў з паказамі дакументальнага фільма “Такога кшталту надзея”, знятага на аснове яго палітычнай біяграфіі. 

Таццяна Караткевіч, 2015 год

Святлана Ціханоўская была не першай жанчынай, з якой Лукашэнка паказушна супернічаў у электаральнай кампаніі. За 5 гадоў да яе ў бюлетэні трапіла Таццяна Караткевіч. Яе кандыдатуру падтрымалі грамадская кампанія “Гавары праўду”, “Рух “За свабоду”, Партыя БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”.

Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі
Таццяна Караткевіч / Вадзім Заміроўскі / Коммерсантъ

Свае палітычную пазіцыю Караткевіч акрэсліла як цэнтрыскую, без радыкальных пераменаў. Разлік быў на мабілізацыю так званай “электральнай багны” — людзей без ярка акрэсленых палітычных поглядаў, але спадзевы апазіцыі праваліліся. Выбары прайшлі спакойна і без вялікіх хваляванняў, Цэнтрвыбаркам налічыў кандыдатцы 4,44% галасоў.

Пасля выбараў Караткевіч спрабавала трапіць у парламент 2016 годзе, але безвынікова. У 2019 змагацца за мандат не стала, вырашыўшы дапамагаць прадстаўнікам “Гавары праўду” у палітычнай барацьбе. 

Пасля палітычнага крызісу 2020-га і ліквідацыі “Гавары праўду”, Караткевіч пераключылася на сацыяльныя пытанні. Жанчына працуе ў праекце, які дапамагае дзяцям з інваліднасцю і сіротам рэалізаваць іх права на якаснае жыццё з дапамогай альтэрнатыўнай і дадатковай камунікацыі. 

Пры гэтым грамадскай актыўнасцю Караткевіч таксама займаецца. Напачатку вайны яна напісала ліст у Міністэрства абароны і ў Савет міністраў, у якім патрабавала забяспечыць выкананне Канстытуцыі і вывесці расійскія войскі з Беларусі, а таксама сустракалася з цяпер ужо былым амбасадарам Украіны ў Беларусі Ігарам Кізімам.

Святлана Ціханоўская, 2020 год

Шостыя прэзідэнцкія выбары прайшлі цалкам не па плане ўладаў. Пасля затрымання асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты галоўным супернікам Лукашэнкі нечакана аказалася Святлана Ціханоўская — жонка арыштаванага апазіцыйнага блогера Сяргея Ціханоўскага, перакладчыца з англійскай мовы. 

Шасцёра смелых. Як склаўся лёс апанентаў Лукашэнкі, якія на выбарах былі другімі
Святлана Ціханоўская ў 2020 годзе ля рэдакцыі "Еўрарадыё" / Euroradio

Яе кампанія, падтрыманая Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала са штабоў іншых палітыкаў, прыцягнула значную ўвагу і падтрымку беларусаў, незадаволеных рэжымам Лукашэнкі. Нягледзячы на ​​афіцыйныя вынікі выбараў (як звычайна — перамога Лукашэнкі з вялікім адрывам), незалежныя назіральнікі і значная частка міжнароднай супольнасці ўпэўненыя (і не без доказаў), што сапраўднай пераможцай стала Ціханоўская.

Падчас масавых пратэстаў улады змусілі Ціханоўскую выехаць у Літву. Там вакол яе ўтварылася каманда, вядомая сёння як ОСЦ — Офіс Святланы Ціханоўскай. Яна працягвае ачольваць дэмакратычны рух, актыўна ўдзельнічае ў міжнародных сустрэчах, выступаючы за спыненне рэпрэсій і рэформы ў Беларусі. 

Ціханоўская сустракаецца з сусветнымі лідарамі, каб заручыцца падтрымкай для барацьбы беларускага народа за свабоду і дэмакратыю. Гэтымі днямі яна здзяйсняе сёмы афіцыйны візіт у Вашынгтон. Яна таксама падтрымлівае сувязь з беларускай дыяспарай і актывістамі ўнутры краіны, нягледзячы на ​​рэпрэсіі, якія працягваюцца з боку беларускіх уладаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі