Школа цікавіцца, чым цяпер займаецца выпускнік. Ці можна не адказваць?

Бацькі скардзяцца на настойлівыя тэлефанаванні са школы.

Бацькі скардзяцца на настойлівыя тэлефанаванні са школы. / pixabay.com

Скончыць школу ў Беларусі — яшчэ не значыць назаўсёды з ёю развітацца. Апошнім часам у сацсетках і бацькоўскіх чатах беларусы скардзяцца на тое, што іх тэрарызуюць тэлефанаваннямі і роспытамі пра лёс дзяцей.

— Тэлефануюць і настаўніца, і завуч, і сацпедагог, і сцвярджаюць, што дзіця (17 гадоў) абавязана або вучыцца, або працаваць, і патрабуюць дакумент, які пацвярджае, дзе і што робіць дзіця. І пагражаюць, што калі не атрымаюць адказ, перададуць справу ў сацапеку, — скардзіцца ў адным з такіх бацькоўскіх чатаў Юлія.

Гэта не адзінкавы выпадак. Бацькі кажуць, што, калі яны ігнаруюць паведамленні і тэлефанаванні, школа не здаецца і спрабуе з тымі ж самымі пытаннямі дастукацца да дзяцей. Ніякімі нормамі закона такую цікаўнасць не тлумачаць. Кажуць толькі, што школа нясе адказнасць за дзіця да 18 гадоў.

Бацькі абураюцца і лічаць, што гэта ўмяшанне ў асабістае жыццё. Некаторыя нават кажуць: калі школа так рвецца несці адказнасць за дзіця да 18 гадоў, то чаму не яна яго корміць і апранае? Але ёсць і тыя, — праўда, яны ў меншасці, — хто нармальна ставіцца да такога кантролю. Маўляў, ідэя ж нядрэнная, і ўвогуле нармальная сацыяльная адказнасць — пацікавіцца лёсам выпускнікоў, асабліва, калі бацькі не надта добрасумленныя.

— Такая практыка існуе ўжо шмат гадоў, гэта ніякае не ноу-хау, — ананімна распавядае Еўрарадыё беларуская настаўніца, што працуе ў школе ў райцэнтры. — Раней з гэтым не было праблем, асабліва, калі ў класнага кіраўніка былі добрыя адносіны з бацькамі. Патэлефанаваць і распытаць, куды паступіў або не паступіў вучань, павіншаваць, падбадзёрыць, штосьці падказаць — чаму не? Школа хоча ведаць, кім хваліцца перад будучымі выпускнікамі, як іх заахвочваць.

Настаўніца кажа, што ў іх школе вучням нагадваюць, чаго дасягнулі мінулагоднія выпускнікі: паступілі ў БДУ, БНТУ або БДУІР — маўляў, ганарымся, заахвочваем вас добра вучыцца.

— Гэтым жа хваляцца перад райаддзелам адукацыі. Іншая справа, што з настаўнікаў цяпер патрабуюць нашмат больш. І, адпаведна, пагражаюць самім настаўнікам. Калі выпускнік нікуды не паступіў пасля школы, то што ім пісаць у справаздачы? Што дрэнна вучылі і ўсе факультатывы былі марнымі? Што выпусцілі непрыкаянага, беспрытульнага? — разважае суразмоўца.

Што на гэта кажуць юрысты? 

Робячы папраўку на беларускую сучаснасць, калі ёсць магчымасць не ісці на канфрантацыю, лепш не ісці. Напрыклад, калі важна захаваць добрыя адносіны са школай, бо там вучыцца малодшы дзіцёнак. Але так агулам патрабаванне паведаміць, што робіць дзіця пасля 11 класа, — не абавязак, невыкананне якога караецца па закону.

— Бацькі маюць рацыю, гэта прыватная справа. Адказнасць за дзіцёнка нясуць яны, а не школа. Закон патрабуе, каб дзіця атрымала агульную сярэднюю адукацыю, але не абавязвае паведамляць пра кожны крок пасля школы, — каментуе юрыст.

А як гэта тлумачаць чыноўнікі ад адукацыі? 

Еўрарадыё патэлефанавала на гарачую лінію камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і запытала, чаму школа так настойліва цікавіцца лёсам дзяцей.

Ніякай адказнасці за адмову падаваць такія звесткі пра выпускніка ў школу няма. Гэта права, а не абавязак. Ну, і галаўны боль школ, а не бацькоў і ўчорашніх школьнікаў.

— Я ўсё цудоўна разумею, але яны [школы — Еўрарадыё] выконваюць канкрэтна даручэнне. Вас ужо камісія па справах аб непаўналетніх зусім не цікавіць. Вы скончылі школу, атэстат на руках маеце — усё. Далей ужо вырашаеце самі, — запэўніваюць у Мінгарвыканкаме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі