Навошта ВНУ набіраюць больш бюджэтнікаў?

Адукацыя

Адукацыя / pixabay.com

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у гэтым годзе прыме крыху больш бюджэтнікаў, чым у мінулым, піша БелТА са спасылкай на прарэктара па вучэбнай працы Віктара Кочына.

Паводле яго слоў, такое патрабаванне паставіла Міністэрства адукацыі.

“Гэта тэндэнцыя, характэрная і для папярэдніх гадоў, — нязначнае скарачэнне платнай формы навучання і невялікае павелічэнне бюджэтных месцаў. Такая задача была пастаўлена Міністэрствам адукацыі, і мы прытрымліваемся гэтай траекторыі”, — кажа ён.

Сярод плюсаў бюджэтнай формы навучання ён называе размеркаванне. Гэта значыць, студэнт-бюджэтнік абавязваецца два гады адпрацаваць там, куды яго накіруе ВНУ. Аднак гэта далёка не заўсёды самыя перспектыўныя працоўныя месцы, і амаль заўсёды гаворка ідзе пра кампаніі і прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці.

“Моладзь бывае розная: нехта можа сам знайсці працу, а нехта цалкам засяроджаны на вучобе, таму працу атрымлівае па астаткавым прынцыпе. Але ўсе бюджэтнікі ў нас забяспечаныя першым месцам працы. Больш за тое, пасля двух гадоў працы такому спецыялісту значна прасцей знайсці новую працу, бо ён ужо лічыцца сфармаваным спецыялістам з досведам, а не ўчарашнім выпускніком”, — кажа Кочын.

На практыцы маладыя людзі, скончыўшы навучанне на бюджэтнай форме, часта апынаюцца ў безальтэрнатыўным становішчы. Яны звязаны двухгадовым абавязацельствам з месцам працы, якое не выбіралі. Спроба чыноўнікаў замацаваць маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы можа сведчыць пра адток працоўнай сілы і недахоп кадраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.