Больш за паўмільёна выпадкаў дэпрэсіі выявілі ў Беларусі ў 2024 годзе

Дэпрэсія, ілюстрацыйнае фота

Дэпрэсія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Па выніках 2024 года Беларусь займае ў свеце восьмае месца па выяўленні псіхічных разладаў.

А кожны чацвёрты жыхар нашай краіны пакутуе на трывожна-дэпрэсіўны разлад ці разлад адаптацыі. Такія лічбы назвала спецыялістка псіхалагічнага аддзялення ДУ "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя" Святлана Даўжэнка, піша "Позірк".

Паводле яе, за мінулы год у Беларусі выяўлена каля 510 тысяч выпадкаў дэпрэсіі — гэта каля 5,6% насельніцтва. Псіхолаг дадала, што многія беларусы своечасова не звяртаюцца па спецыялізаваную дапамогу ці "знаходзяцца ў працяглым хваравітым стане, што можа прыводзіць да розных вынікаў". Даўжэнка адзначыла, што колькасць зваротаў па псіхалагічную дапамогу ў Беларусі павялічылася, але дакладныя лічбы не назвала.

Найбольш уразлівымі групамі, як заявіла спецыяліст, з'яўляюцца падлеткі і пажылыя людзі. Па псіхалагічную дапамогу найчасцей звяртаюцца людзі старэйшыя за 30 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.