Насякомае ў воку і вожык у назе: якая жудасць здараецца з беларусамі ў адпачынку

Шры-Ланка / unsplash / unsplash
Страхавальнікі расказалі пра самыя жудасныя выпадкі, з якімі беларусы сутыкнуліся ў адпачынку. Пасля гэтага вам не захочацца эканоміць на страхоўцы ў падарожжы. Рэйтынг "жудасці" апублікаваў профільны часопіс "Страхаванне ў Беларусі".
Дваццаць іголак марскога вожыка ў ступні
У снежні мінулага года кліенты страхавых кампаній часцей за ўсё звярталіся па медыцынскую дапамогу ў Інданезіі і Тайландзе.
У самым канцы 2024 года з Інданезіі страхавальнікам тэлефанавалі беларусы, якія напярэдадні святаў падхапілі ліхаманку дэнге. Гэта вострае віруснае захворванне, калі ў чалавека не проста падымаецца тэмпература, але і моцна ломіць косткі. Калі б турысты не былі застрахаваныя, за меддапамогу з іх узялі б ад 150 да 300 еўра.
У турыстаў у Тайландзе таксама не ўсё пайшло гладка. Адзін з іх адпачываў на пляжы вострава Пхі-Пхі і наступіў на марскога вожыка. Беларус патэлефанаваў страхавальнікам і паскардзіўся на моцны боль у назе. Вожык пакінуў у яго ў ступні больш за 20 іголак. Беларусу арганізавалі прыём у клініцы.
А яшчэ напярэдадні Новага года страхавальнікі атрымалі адразу 28 зваротаў ад беларусаў з В'етнама — і ўсё з вострымі кішэчнымі інфекцыямі, ВРВІ і ўкусамі насякомых.
Але самы жудасны пераднавагодні выпадак адбыўся на Шры-Ланцы. У вока турысту ўрэзалася вялікае насякомае. Яно забілася глыбока пад верхняе павека. Беларуса шпіталізавалі і аплацілі лячэнне.
Непрыемнасці здараюцца з турыстамі і летам. У Эміратах беларус атрымаў пералом пляча ад удару хвалі. Патрэбная была аперацыя, шпіталізацыя, а калі б аперацыя прайшла няўдала — яшчэ і эндапратэзаванне плечавога сустава.
"Аперацыя была неадкладнай, пералёт супрацьпаказаны. Паводле правілаў за эндапратэзаванне пацярпелы мусіў заплаціць сам, але ён патрабаваў адваротнага. Страхавая кампанія ў парадку выключэння пагадзілася кампенсаваць і ўстаноўку эндапратэза ў выпадку неабходнасці, але, на шчасце, да радыкальных мер звяртацца не давялося", — расказалі беларускія страхавальнікі.
Аперацыя прайшла паспяхова, але праз яе турыст прапусціў свой рэйс. Яму купілі новы авіябілет у Мінск.
Часам турысты вядуць цалкам размераны лад жыцця на адпачынку і ўсё роўна атрымліваюць траўмы. У тым ліку ў ДТЗ. Але страхавальнікі нагадваюць, што калі вы селі за руль без правоў, былі пасажырам у бяспраўніка ці ў п'янага кіроўцы, ніякіх кампенсацый вам не свеціць і за лячэнне давядзецца плаціць самастойна.
Як правільна паводзіцца, калі на адпачынку здарылася непрыемнасць
Калі вам патрэбная тэрміновая дапамога — не чытайце гэтых рэкамендацый і адразу тэлефануйце ў хуткую.
Але калі час ёсць, то страхавальнікі просяць спачатку патэлефанаваць у кампанію-асістанс (яе кантакты павінныя быць у вашым страхавым полісе). Там вас папросяць паведаміць сваё імя і прозвішча, дадзеныя поліса, месцазнаходжанне і тэлефон. І расказаць, якая дапамога вам патрэбная. Яны і скіруюць у патрэбную клініку.
"Калі пры наяўнасці поліса неабходная экстранная дапамога, вядома, звяртайцеся ў хуткую, звязацца з асістансам можна пазней", — кажуць страхавальнікі.
Не забывайце захоўваць усе медыцынскія дакументы і ўважліва чытаць правілы страхавых кампаній, каб у выніку атрымаць кампенсацыю выдаткаў на лячэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.