Шматдзетную маці Вольгу Залатар прызналі палітзняволенай
Шматдзетную маці Вольгу Залатар прызналі палітзняволенай. Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яе, паведамляе pen-centre.by.
38-гадовую маці пяці дзяцей са Ждановічаў абвінавачваюць у "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем". Яна знаходзіцца за кратамі з 18 красавіка. Па версіі міліцыі, Вольгу Залатар затрымалі “за актыўную пратэстную дзейнасць". Яна нібыта "была адміністратарам мясцовага дваравога чата", "арганізоўвала несакцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: сумесныя чаяпіція, прагулкі, канцэрты”. Жанчыне пагражае ад трох да сямі гадоў зняволення.
Вольга Залатар — магістр сацыялогіі, падчас выбараў мінулага года яна была назіральніцай, працавала валанцёркай каля Акрэсціна, яе тройчы затрымлівалі.
"Іншадумства – не злачынства!", — заяўляюць беларускія праваабаронцы. У сваёй заяве яны прызнаюць "выключна палітычны характар пераследу Вольгі Залатар з боку ўладаў" і патрабуюць яе вызвалення.
Тым часам, Залатар расказала адвакату пра катаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.