Шорац даў два дні, каб расчысціць Мінск ад снегу
Андрэй Шорац даў два дні, каб расчысціць Мінск ад снегу. Распараджэнне старшыні Мінгарвыканкама прагучала ў панядзелак падчас аператыўнай нарады ў мэрыі.
Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", Шорац раскрытыкаваў адміністрацыі раёнаў, а таксама адпаведныя службы за неналежную увагу да работы па расчыстцы горада ад снегу. За суткі ў сталіцы выпала больш траціны месячнай нормы ападкаў, быў адзначаны прырост снежнага покрыва на 10 сантыметраў. Паводле слоў старшыні Мінгарвыканкама, магчымасцяў і рэсурсаў для расчысткі вуліц, двароў, паркаў, іншых тэрыторый ва ўсіх зацікаўленых службаў дастаткова, трэба толькі "прымусіць людзей працаваць і не баяцца прыцягваць да адказнасці пры неабходнасці".
"Хаатычнага нагрувашчвання снегу ў горадзе быць не павінна", — запатрабаваў Андрэй Шорац. Снег, які не ўдасца вывезці са сталіцы, трэба акуратна скласці, адзначыў ён. Шорац паабяцаў, што асабіста пракантралюе, як будуць выконваць яго даручэнне.