Што чакаць ад новых правілаў мытнага кантролю?

Еўрарадыё стала вядома, што ўжо на наступным тыдні прэзідэнт можа падпісаць новы ўказ, які будзе рэгуляваць правілы мытнага афармлення для фізічных асобаў. Пакуль праект дакумента чамусьці трымаецца ў поўным сакрэце. Еўрарадыё звярнулася ў Дзяржаўны мытны камітэт, каб даведацца, што чакае беларусаў у выпадку прыняцця новага ўказа. Там сапраўды пацвердзілі, што праект ужо знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта, але падрабязней распавесці пра яго адмовіліся.

Адна з распрацоўшчыкаў праекту інспектар упраўлення арганізацыі мытнага кантролю Кацярына Таранава паведаміла, што пакуль казаць пра ўказ яшчэ рана, бо ўсё можа змяніцца ў любы момант. Пра сам таямнічы дакумент яна казаць не стала, адзначыўшы, што ён закране толькі тавары для ўласнага карыстання.

Кацярына Таранава:
“Указ тычыцца толькі тавараў для ўласнага карыстання. Скажам так, новаўвядзенняў шмат”.

Плануецца, што гэтым указам будуць урэгуляваныя розныя пытанні, вызначаны адзіныя памеры пошлін і падаткаў у дачыненні да тавараў, што ўвозяцца. Таксама будуць пералічаныя тавары, за якія неабходна абавязкова плаціць пошліну і якія можна свабодна ўвозіць.

У мытным камітэце зазначылі, што, згодна з папярэднім праектам, адзіныя стаўкі на аўтамабілі застануцца такімі самымі. Аднак прэзідэнт можа ўнесці свае карэктывы, пасля чаго ўсё можа істотна змяніцца.

Начальнік упраўлення тарыфнага рэгулявання мытных плацяжоў Сяргей Полудзень зазначыў, што для простых турыстаў новаўвядзенні не стануць перашкодай для падарожжаў. Сяргей Полудзень: “Для тых, хто проста ездзіць як турыст, нічога не зменіцца. А калі гэта “чаўночнікі” і “мяшочнікі” — гэта ўжо зусім іншае пытанне”.

Разам з тым, без зменаў застануцца ранейшыя нормы на ўвоз алкаголю (не больш за 1 літр), уласных рэчаў, якія можна мець не больш за 50 кілаграмаў і коштам да тысячы долараў. А вось што датычыцца рознай тэхнікі (фотаапаратаў, відэакамер, ноўтбукаў), з гэтым пакуль дакладна невядома.

Ва ўказе альбо будзе прапісаны падрабязны спіс, што з гэтых рэчаў можна ўвозіць бясплатна, а за што давядзецца заплаціць пошліну, альбо ўсё застанецца па-ранейшаму. Гэта азначае, што любую тэхніку, якую вы ўзялі з сабой у замежнае падарожжа, вы зможаце свабодна ўвезці назад. Праўда, трэба будзе прад’явіць доказ, што вы яе вывозілі.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі