Што думаюць тыя, каму пенсійны ўзрост павышаюць за дзень да выхаду на пенсію

Што думаюць тыя, каму пенсійны ўзрост павышаюць за дзень да выхаду на пенсію

Указам кіраўніка краіны з 1 студзеня 2017 года пенсійны ўзрост пачынае павышацца штогод на 6 месяцаў – да 63 гадоў у мужчын і да 58 гадоў у жанчын.


Еўрарадыё паразмаўляла з людзьмі, якія 1 студзеня 2017 года, калі б не гэты новы ўказ, выходзілі б на пенсію. 


Генадзю, кіроўцу з Кобрына, 1 студзеня 2017 года спаўняецца 60 гадоў. Па "старых раскладах" ён мусіў у гэты святочны дзень ісці ў адпачынак. А цяпер пойдзе з 1 чэрвеня. Самае цікавае, што калі б не хітрыкі бацькоў, Генадзь стаў бы пенсіянерам у снежні 2016-га:

 

Што думаюць тыя, каму пенсійны ўзрост павышаюць за дзень да выхаду на пенсію

"Бацькі хацелі зрабіць як лепш, а выйшла як горш. Я нарадзіўся ў снежні, але ў тыя часы ўсе так рабілі — запісалі 1 студзеня. І ў майго лепшага сябра такая ж гісторыя. Нарадзіўся са мной у адзін дзень, а запісалі — 2 студзеня".


Тое, што да пенсіі працаваць яшчэ больш года, Генадзя не надта турбуе. Маўляў, "калі працуеш, дык адчуваеш сябе маладзейшым, а на пенсіі і старэюць хутчэй". Але, мяркуе, што падвышэнне пенсійнага ўзросту — не выйсце: 


"Нічога ў гэтым добрага няма. Параўнайце наш узровень жыцця і ўзровень жыцця ў Еўропе, ці ў той жа Польшчы. Там сярэдні заробак тысяча еўра, а ў нас які? Цяжка сказаць, які".


Заробак Генадзя сёння — два мільёны: на прыватнай будаўнічай фірме няма працы. Пенсія, якую ён будзе атрымліваць за 36 гадоў стажу, таксама — два мільёны. Відаць, давядзецца Генадзю падпрацоўваць.

А вось Наталля, прадавец з Мінску, 55-годдзе будзе адзначаць 1 студзеня 2017 года, ужо афармляе пенсію.

Што думаюць тыя, каму пенсійны ўзрост павышаюць за дзень да выхаду на пенсію

"У жніўні мінулага года я падпала пад скарачэнне. Стаяла на біржы, аднак атрымала восем адмоваў з-за ўзросту. Цяпер мне заўчасна афармляюць пенсію, бо я маю выпрацаваны стаж 36 гадоў", — тлумачыць жанчына. 


Атрымліваецца, што з аднаго боку Наталлі не пашанцавала — прыватная крама, у якой яна працавала, зачынілася, і прадаўцы літаральна засталіся на вуліцы. З іншага боку — цяпер ёй не давядзецца працаваць "лішнія" паўгода да 1 чэрвеня 2017 года.


"У мяне ўсе сяброўкі такога ж узросту, аднакласніцы — мы актыўна абмяркоўвалі гэтую тэму. Усё залежыць ад прафесіі. Ёсць знаёмыя, якія станоўча ставяцца да падвышэння. Яны не хочуць на пенсію, але яны чыноўнікі, ім не трэба цяжка працаваць. Сама я працавала ў гандлі 20 гадоў. Зарабіла сабе варыкоз, хворыя ногі. Тое самае ў дзяўчат-калег. І гэтыя паўгода сапраўды сядзіш, чакаеш, каб хутчэй сысці з гэтай прафесіі".


Пасля выхаду на пенсію работнікі гандлю, сцвярджае Наталля, працягваюць працаваць, “бо на такую пенсію пражыць нельга". Ідуць, напрыклад, у вахцёры, "дзе не трэба стаяць 20 гадоў".

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі