Што могуць зрабіць замест знесенай мінскай электрастанцыі

Што могуць зрабіць замест знесенай мінскай электрастанцыі

Аднавіць будынак першай мінскай электрастанцыі, на месцы якой пабудавалі гатэльны комплекс, вядомы як “Кемпінскі”, нельга. Да такой высновы прыходзіць кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. Але прапануе іншыя варыянты захаваць помнік.

"Мы некалі прапаноўвалі, як варыянт, упісаць яе ў комплекс. Можна абыграць і ўключыць у фае. Сёння трэба шукаць варыянт, які адпавядае гэтаму месцу. Можна ўзнавіць фасад, ён распілаваны, але захаваўся. Можна працягнуць гэты фасад у новых матэрыялах. Няблага было б і помнік туды ўпісаць, Чапскаму".

Першая мінская электрастанцыя была знесеная пад праект гасцініцы "Кемпінскі" у 2012 годзе. Але сцены будынка распілавалі і захавалі.

Чапскі быў кіраўніком Мінска з 1890 да 1901 года. Ён жа і заснаваў электрастанцыю. 

Якія яшчэ праекты даюць магчымасць захаваць будынак электрастанцыі хаця б часткова.

Калі паглядзець эскізныя праекты "Кемпінскі", які ім так і не стаў, то фасад будынка першай мінскай электрастанцыі там прысутнічае. І нават у двух варыянтах.

Па адным узноўленая станцыя мусіла стаяць уздоўж праспекта.

Фасад будынка захоўваецца ўздоўж праспекта(фота: forum.kemgik.by)

А па другім — уздоўж ракі Свіслач. Абодва праекты прадугледжвалі частковае захаванне фасаду будынка. Але ніводзін з праектаў так і не быў рэалізаваны да канца.

Па другім праекце фасад стаіць уздоўж Свіслачы(фота: citydog.by)

"Мы рабілі апошнія даследаванні. Забудоўшчыкі мусілі аднавіць кавалак электрастанцыі на ўзроўні праспекта. Былі ўсе магчымасці зрабіць гэта там, дзе ў іх быў паркінг. Мы стаялі на тым, што гэта можна захаваць. Адразу за плотам мусіла быць частка фасада, але яе няма", — расказвае архітэктар-рэстаўратар Вольга, якая даследавала будынак электрастанцыі.

Але на сёння гмах каля цырка стаіць недабудаваны. Бачныя недаробкі на фасадзе, унутры будынак недароблены, працы не вядуцца.

У кампаніі "Эліт-Эстейт", якая руйнавала электрастанцыю і ўзводзіла “Кемпінскі”, не могуць сказаць, ці належыць ім гэты будынак цяпер, па тэлефоне адказвае толькі сакратарка, якая нічога не ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі