Лідар "Перспектывы" Шумчанка просіць у Лукашэнкі асабістай сустрэчы

Старшыня прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка выступіў з новымі прапановамі для ўладаў што да сітуацыі ў сферы дробнага бізнесу. Ён афіцыйна звярнуўся да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб асабістай сустрэчы дзеля “падрабязнай і шчырай размовы, у мэтах недапушчэння стварэння сітуацыі, калі вярнуць патэнцыял дробнага бізнесу будзе немагчыма”.

Таксама “Перспектыва” прапануе праект указу, які ўвядзе новыя каэфіцыенты да стаўкі адзінага падатку і здыме праблемныя пытанні з сертыфікацыяй тавараў індывідуальных прадпрымальнікаў.

Да 1 студзеня 2016 года індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць гандляваць вопраткай і абуткам без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. Такім стаў галоўны вынік нарады Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікам, якая прайшла 17 сакавіка ў сталічным гандлёвым цэнтры “Экспабел”.  Як заявіў кіраўнік краіны, гэта апошняя саступка, якую ўлады робяць іпэшнікам.

Пры гэтым стала вядома, што цягам 2015 года будуць павышацца стаўкі падатка на даданую вартасць. Гэта зробяць паступова, за тры падыходы. Дакладныя даты падвышэння падатку пакуль невядомыя.

Нагадаем, ад прадпрымальнікаў патрабуюць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці з сертыфікатамі Мытнага саюза. Гэтая норма мусіла ўжо пачаць дзейнічаць з 1 сакавіка, але новаўвядзенне адклалі. На думку прадпрымальнікаў, патрабаванне мець сертыфікаты зробіць іх бізнэс нявыгадным.

Фота: ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі