Швейцарцы дазволілі спецслужбам чытаць пошту і праслухоўваць тэлефоны
25 верасня ў Швейцарыі адбыўся рэферэндум аб пашырэнні паўнамоцтваў службы разведкі. Як перадае Радыё "Свабода", большасьць грамадзян краіны дзеля бяспекі дазволілі спецслужбам чытаць пошту і праслухоўваць тэлефоны. За такое рашэнне прагаласавалі больш як 65% удзельнікаў рэферэндуму.
Супраць большых паўнамоцтваў спецслужбы агітавалі сацыял-дэмакраты і Партыя "зялёных". Аднак ім не ўдалося атрымаць большасць ні ў адным з 26 швайцарскіх кантонаў і паўкантонаў.
Апаненты закону лічаць, што ёсць пагроза татальнага сачэння пад нагодай бяспекі і грамадзкага парадку. Абаронцы новага закону на чале з урадам кажуць, што спецслужбам варта даць большыя магчымасці для барацьбы з тэрарызмам.
Новы закон аб Службе разведкі Канфедэрацыі дазваляе спецслужбам сачыць за паштовай карэспандэнцыяй, праслухоўваць тэлефоны, весці назіранне або відэазапіс на прыватнай тэрыторыі — як у Швейцарыі, так і за мяжой.
Дарэчы, на рэферэндуме швецарцы абмяркоўвалі яшчэ дзве прапановы і прагаласавалі супраць іх. Не прайшла ініцыятыва павысіць пенсіі (супраць выказаліся 59,4%), а таксама прапанова перайсці да 2050 года да "зялёнай эканомікі", заснаванай на рэсурсазберажэнні (супраць прагаласавалі 63,4%).