Сілавікі дзве ночы ладзілі рэйды па мінскіх клубах

Сілавікі правялі рэйды па клубах Мінска / МУС
У Мінску сілавікі дзве ночы праводзілі рэйды па клубах на вуліцах Зыбіцкай і Кастрычніцкай. Там яны шукалі наркотыкі, перадае БЕЛТА.
У адну з начэй з пятніцы на суботу АМАП і кінолаг з сабакам працавалі на вуліцы Зыбіцкай. Адначасова там дзейнічалі супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і МНС —— яны правяралі, ці выконваюць установы правілы. Людзей даглядалі, правяралі пашпарты, але нічога забароненага не знайшлі.
Паведамляецца, што затрымалі аднаго з наведвальнікаў — ён "нецэнзурна лаяўся на адрас праваахоўнікаў, а потым яшчэ і паспрабаваў з кулакамі накінуцца на байца АМАПу". На мужчыну склалі адміністрацыйны пратакол.
У ноч з суботы на нядзелю амапаўцы разам з байцамі атрада "Беркут" унутраных войскаў прыйшлі ў клубы на Кастрычніцкай. У адным з клубаў у 27-гадовага маладога чалавека знайшлі марыхуану ў самакрутцы і ў невялікай шкляной ёмістасці, у заплечніку ў яго была курыльная трубка. На пытанне пра паходжанне марыхуаны, ён сказаў, што знайшоў яе ў лесе.
А ў 31-гадовай наведвальніцы клуба знайшлі мефедрон. Дзяўчына расказала, што гэтым яе "пачаставаў" знаёмы, з якім яна сустрэлася на адной з вечарынак. Яна некалькі разоў ужывала мефедрон і да таго — частаваў той самы знаёмы. Цяпер яго шукаюць сілавікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.