Сітуацыя з наркотыкамі ў Беларусі пагаршаецца. BELPOL апублікаваў даклад МУС

Праваахоўнікі лічаць, што праблема з наркотыкамі звязана з невыкананнем даручэнняў Савета Міністраў / pixabay.com
BELPOL апублікаваў даклад МУС Беларусі «Аб стане працы па супрацьдзеянні абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання і сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію». У дакуменце адзначаецца, што сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў застаецца напружанай.
Згодна з дадзенымі дакладу, у 2024 годзе аб'ём выяўленых наркотыкаў павялічыўся ў 2,6 раза ў параўнанні з 2023 годам і склаў 1707,5 кг. Пры гэтым павялічылася колькасць злачынстваў з удзелам непаўналетніх: яна вырасла на 68,9% за 9 месяцаў 2024 года.
Расія — асноўны пастаўшчык наркотыкаў
Галоўным каналам паставак наркотыкаў застаецца Расія. З 26 выяўленых маршрутаў 22 звязаныя з РФ, і толькі 4 — з Еўрасаюзам. Напрыклад, у Гомелі расіянін арганізаваў лабараторыю па вытворчасці мефедрону, ў ліпені 2024 года яго затрымалі.
Як у Беларусі караюць за наркотыкі
У Беларусі прадугледжаны жорсткія меры пакарання за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, уключаючы працяглыя тэрміны пазбаўлення волі (ад 3 да 20 гадоў) і канфіскацыю маёмасці.
У мінулым годзе ў Крымінальны кодэкс былі ўнесены папраўкі, якія прадугледжваюць пэўную лібералізацыю заканадаўства. Напрыклад, замест пазбаўлення волі можа прызначацца арышт за набыццё або захоўванне наркотыкаў без мэты збыту, а за адзінкавыя выпадкі збыту — абмежаванне волі.
Таксама папраўкі прапануюць панізіць мінімальны парог пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.