Сілавікі затрымліваюць удзельнікаў "Маршу народаўладдзя" ў Мінску
Бусікі на Зыбіцкай у Мінску / Еўрарадыё
Сілавікі затрымліваюць удзельнікаў "Марша народаўладдзя". У мінскай міліцыі ria.ru распавялі, што ў аддзяленне даставілі каля дзесяці чалавек, праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе пра як мінімум 11 затрыманых у Мінску і дзвюх — у Ляхавічах.
Паводле інфармацыі беларускіх незалежных СМІ і чытачоў Еўрарадыё, у Мінску людзей затрымліваюць на праспекце Пераможцаў, праспекце Машэрава, вуліцы Мельнікайтэ побач з кафэ і барамі на Зыбіцкай, каля стэлы "Мінск — горад-герой"... Перакрыты праезд з вуліцы Няміга на вуліцу Багдановіча .
Праз мегафон сілавікі транслююць новы тэкст-заклік да пратэстоўцаў. Змест прыблізна такі:
"Не будзьце эгаістамі. Будзьце ўдзячныя беларускай дзяржаве і працавітаму беларускаму народу за тое, што ў вас ёсць. Не перакрывайце вуліцы. Тысячы гараджан і гасцей сталіцы хочуць убачыць прыгажосць беларускай сталіцы, але не маюць магчымасці, таму што стаяць у корках".
Нягледзячы на цяжкасці, беларусы працягваюць маршыраваць па горадзе. Вялікая калона людзей ідзе па вуліцы Багдановіча ў бок Нямігі.
Пратэсты супраць гвалту цягнуцца ў Беларусі ўжо амаль 4 месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.