СК вярнуў на дапрацоўку матэрыялы на ратавальніка, збітага міліцыянтамі

СК вярнуў на дапрацоўку матэрыялы на ратавальніка, збітага міліцыянтамі

Следчы камітэт вярнуў на дапрацоўку матэрыялы па факце збіцця лагойскага ратавальніка Юрыя Крывашэя. І адмяніў пастанову, якая адмаўляўла яму ў пачатку крымінальнай справы, паведамляе сайт "Прававой ініцыятывы".

Як распавядала Еўрарадыё, Юрыя Крывашэя міліцыянты затрымалі ў Лагойску 11 жніўня. Яго збілі ў мікрааўтобусе, а ў пастарунку склалі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Маладога чалавека асудзілі на 10 сутак арышту. Таксама ратавальніка, па яго словах, прымусілі падпісаць заяву на звальненне. 

Пасля выхаду на волю Крывашэй зняў пабоі і падаў заяву ў Следчы камітэт. Аднак 29 кастрычніка следчая Ірына Караткевіч вынесла пастанову з адмовай у крымінальнай справы — "за адсутнасцю складу злачынства". Экс-ратавальнік атрымаў адказ 5 лістапада, але саму адмову яму не выслалі. 

Юрый пайшоў у Следчы камітэт, каб пазнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Але следчая Караткевіч заявіла яму, што матэрыялы праверкі знаходзяцца ва ўпраўленні, і паабяцала выслаць копію пастановы на наступны дзень.

Пастановы Крывашэй так і не атрымаў. Затое ўвечары 9 лістапада даведаўся, што ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці адмяніла пастанову аб адмове, а матэрыялы накіраваныя на дапрацоўку. Гэта значыць, што тэрміны праверкі зноў працягнутыя, а азнаёміцца з матэрыяламі справы не атрымаецца.

Праваабаронца Сяргей Усцінаў лічыць, што следчыя знарок цягнуць час, каб не пачынаць крымінальныя справы на сілваікоў. "Тое, што была адмененая пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы і матэрыялы вярнулі на дапрацоўку, азначае толькі адно — следства цягне час, не пачынаючы крымінальныя справы супраць сілавікоў і не даючы пацярпелым доступ да матэрыялаў праверкі. Бо ў гэтых матэрыялах змяшчаецца вельмі цікавая інфармацыя — што рабіў следчы амаль тры месяцы, каго апытваў і якія тлумачэнні давалі сілавікі", — кажа праваабаронца. 

Па яго словах, на дзеянні следчай Караткевіч падрыхтаваныя скаргі, бо яна была абавязаная разам з паведамленнем выслаць Крывашэю і копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. 

Нежаданне Следчага камітэта пачынаць крымінальныя справы на сілавікоў, якія збівалі людзей, праваабаронцы лічаць вартым кваліфікаваць як злачынства — бядзейнасць службовай асобы (ч. 3 арт. 425 Крымінальнага кодэкса).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі