Следчы камітэт адмовіўся пачынаць справу па збіцці лагойскага ратавальніка
Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу па заяве былога лагойскага ратавальніка Юрыя Крывашэя. Пра гэта малады чалавек сам паведаміў у сацсетках і выклаў адпаведны дакумент.
У адмове, якую падпісаў следчы І. Караткевіч, гаворыцца, што рашэнне прынятае на падставе п.2 ч.1 арт.29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Гэты пункт азначае: "за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства".
Юрыя Крывашэя затрымалі 11 верасня, калі ён з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехаў на сваёй машыне ў краму. Інспектар ДАІ папрасіў яго выйсці з аўтамабіля, пасля чаго мужчыну зацягнулі ў бусік некалькі чалавек у чорнай форме, масках і без апазнавальных знакаў. У аўтамабілі яго збілі і завезлі ў аддзяленне міліцыі. Там ён некалькі гадзін ляжаў з рукамі за спінай у падвале. Потым хлопцу прынеслі падпісаць заяву на звальненне з МНС і асудзілі на 10 сутак. Яму заявілі, што ён адмаўляўся паказаць інспектару ДАІ дакументы і адмаўляўся праехаць у РАУС для высвятлення асобы.
Крывашэй кажа, што не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, якія праходзілі ў горадзе, але актыўна выступаў у гарадскім тэлеграм-канале і чаце пра мясцовую ДАІ.
Пасля вызвалення хлопец зафіксаваў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Але, як бачым, злачынства ў збіцці СК не выявіў.
А вот и отказы со стороны СК начались, я даже не сомневался pic.twitter.com/qpMtF01Ike
— Юрий Владимирович (@Center_by) November 5, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.