Следчы камітэт: дакументы для экстрадыцыі блогера Матолькі накіраваны
Начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско распавёў пра расследаванне крымінальных спраў беларускіх блогераў, якія знаходзяцца за мяжой. Ён згадаў Сцяпана Пуцілу, Рамана Пратасевіча і "вядома ж, [Антона] Матольку". Па словах Паско, працэдура выдачы блогераў ініцыяваная "непасрэдна следчым". Далей гэтым пытаннем займаецца Генпракуратура.
"У цяперашні час намі накіраваны ўсе неабходныя дакументы, Чакаем адказ", — цытуе словы прадстаўніка СК БЕЛТА.
Дакументы на экстрадыцыю Пуцілы і Пратасевіча былі высланы раней. Цяпер жа Генпракуратура занялася Матолькам.
У сакавіку Следчы камітэт заяўляў, што рыхтуе дакументы, каб абвясціць блогера Антона Матольку ў міждзяржаўны вышук. На яго пачалі справу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: "масавыя беспарадкі", "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання", "узбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці" і "дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы".
Па версіі СК, гэтыя "злачынствы" Матолька ўчыніў праз свой тэлеграм-канал (тады ж было заяўлена, што яго могуць прызнаць экстрэмісцкім).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.